20 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Online канферэнцыя на тэму "Полацку - 1150 гадоў" пройдзе 25 красавіка на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва з 11.00 да 12.00. Нынешні год з'яўляецца для Полацка юбілейным. Адзін з найстаражытнейшых гарадоў усходніх славян святкуе 1150-годдзе з моманту першага згадвання ў летапісе. Аднак Полацк ганарыцца не толькі сваім вялікім мінулым - ён з упэўненасцю глядзіць у будучыню. З'яўляючыся адным з буйных прамысловых цэнтраў Віцебшчыны, горад па праву носіць званне спрыяльнага для бізнесу, тут актыўна развіваюць міжнародныя кантакты. І пры гэтым Полацк застаецца адным з самых прывабных турыстычных аб'ектаў краіны. Мясцовыя ўлады распрацавалі новую канцэпцыю развіцця гарадской тэрыторыі і плануюць стварыць культурна-гістарычны цэнтр і турыстычную інфраструктуру вакол Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, Сафійскага сабора. Тэрыторыі, прылеглыя да гэтых галоўных духоўных святынь Беларусі, павінны цалкам пераўтварыцца. Што сабой уяўляе новая канцэпцыя развіцця старажытнага горада? Як Полацк рыхтуецца да святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 1150-годдзю? Як будуць развівацца эканоміка і сацыяльная сфера? Якія магчымасці прадастаўляе Полацк для развіцця бізнесу? На гэтыя і іншыя пытанні падчас online канферэнцыі адкажа старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк. Пытанні ўдзельнікам канферэнцыі можна задаваць загадзя або непасрэдна падчас яе правядзення на сайце БЕЛТА www.belta.by у раздзеле "ONLINE КАНФЕРЭНЦЫЯ".-0-

БЕЛТА