7 мая, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Вызначаны ўдзельнікі Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск", якія пройдуць падчас ХХI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі. У малодшай узроставай групе ад Беларусі выступяць дзве юныя вакалісткі: 10-гадовая Лізавета Мураўёва (выхаванка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя В.Мулявіна; вучыцца ў гімназіі №22 у Мінску) і 10-гадовая Яўгенія Кляпіцкая (вучыцца ў гімназіі №61 у Мінску). У старэйшай узроставай групе кампетэнтным журы адабраны 22-гадовы студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Яўген Даліч. Па ўмовах нацыянальнага адбору, удзельнікі павінны мець вопыт канцэртных выступленняў, заявіць пра сябе поспехамі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Адборы выканаўцаў праходзілі ў два этапы. Вынікі першага этапу падвяла экспертная група, другога - прафесійнае журы. Склад экспертнай групы і прафесійнага журы быў сфарміраваны з вядучых спецыялістаў у галіне музычнага эстраднага мастацтва, вядомых дзеячаў культуры і мастацтва і зацверджаны загадам Міністэрства культуры. Журы конкурсу выканаўцаў эстраднай песні ўзначаліць кампазітар, народны артыст Расіі Максім Дунаеўскі, дзіцячага музычнага конкурсу - грузінскі кампазітар і спявак Джэмал Сепіашвілі. На ўдзел у конкурсе выканаўцаў эстраднай песні паступіла 21 заяўка з 18 краін, у дзіцячым конкурсе - 21 заяўка з 21 краіны. Міжнародны фестываль мастацтваў пройдзе ў Віцебску з 12 па 18 ліпеня.-0-

БЕЛТА