28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Назапашаны ў рэгіёнах вопыт выкладання Правіл дарожнага руху варты прымянення ва ўсіх школах Беларусі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Таіса Данілевіч.
У якасці прыкладу Таіса Данілевіч прывяла ўстановы адукацыі Мінскай вобласці. "На апошніх уроках у школах вобласці праводзяцца пяціхвілінкі - азбука бяспекі, калі дзецям нагадваюць, як трэба паводзіць сябе на дарозе, вяртаючыся дадому. Стопменамі ў Любанскім, Салігорскім раёнах добраахвотна працуюць не толькі старшакласнікі і педагогі, але таксама бацькі. У Дзяржынскім раёне школьныя аўтобусы выкарыстоўваюць як рэсурсны цэнтр па ПДР", - сказала яна.
Акрамя таго, для школьнікаў Мінскай вобласці праводзіцца тэматычны КВЗ, вучні 5-7 класаў удзельнічаюць у алімпіядзе па Правілах дарожнага руху. У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня" штогод праходзіць профільная змена, падчас якой дзеці вывучаюць ПДР.
У сукупнасці гэтыя і іншыя меры даюць пэўны вынік, дазваляюць пазбегнуць трагедыі, вучаць дзяцей быць уважлівымі і дысцыплінаванымі на дарогах, прымушаюць бацькоў звярнуць увагу на неабходнасць выканання Правіл дарожнага руху ў розных сітуацыях.
Трагічны выпадак 13 лістапада, калі пад коламі аўтамабіля, што ад'язджаў ад адной з мінскіх школ, загінуў трэцякласнік, павінен паслужыць нагодай да таго, каб больш адказна падыходзіць да праектавання школ, дзіцячых садкоў і паліклінік, лічыць дэпутат. "Гэты момант павінен улічвацца, каб захаваць і зрабіць бяспечнымі нашых дзяцей", - падкрэсліла яна.
БЕЛТА
Досьвед навучання ПДР у некаторых рэгіёнах можна распаўсюдзіць на ўсе школы Беларусі - дэпутат
28.11.20120 праглядаў