Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня падпісаў указ "Аб узнагароджанні". Дзяржаўных узнагарод удастоены 75 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. 

Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці рэспублікі і забеспячэнне законнасці, развіццё сельскай гаспадаркі, транспартнай і будаўнічай галін, выдатныя творчыя дасягненні, заслугі ў сферы аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры, мастацтва і спорту. 

Так, старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Свіслач" Васіль Густыр і старшыня вытворчага кааператыва імя В.І.Крамко Сяргей Крамко ўдастоены ордэна Айчыны III ступені. 

Ордэнам "За службу Радзіме" III ступені ўзнагароджаны начальнік галоўнай ваеннай інспекцыі Узброеных Сіл Іван Багуслаўскі, начальнік інжынерных войскаў Узброеных Сіл - начальнік упраўлення інжынерных войскаў Генеральнага штаба Андрэй Куракоў, начальнік аўтамабільнага ўпраўлення Міністэрства абароны Сяргей Томчык, старшыня Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Анатоль Ханенка. Ордэна Пашаны ўдастоены суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі. 

Група ваеннаслужачых узнагароджана медалём "За адзнаку ў воінскай службе". Сярод іх камандзір 86-й брыгады сувязі Дзяніс Бадуноў, начальнік 114-й гвардзейскай школы па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы Аляксей Калывановіч, начальнік зенітных ракетных войскаў - начальнік упраўлення зенітных ракетных войскаў камандавання ВПС і войскаў ППА Сяргей Фролаў. 

Медаля "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" ўдастоены следчыя з розных рэгіёнаў краіны. Сярод іх следчы па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Леанід Андрушкевіч, намеснік начальніка УСК па Гродзенскай вобласці Віктар Федасенка, начальнік следчага ўпраўлення УСК па Брэсцкай вобласці Аляксандр Пратасавіцкі.