6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізатары культурна-забаўляльных мерапрыемстваў у Беларусі павінны будуць атрымліваць гастрольнае пасведчанне. Адпаведны ўказ №257 "Аб асобных пытаннях арганізацыі і правядзення культурна-забаўляльных мерапрыемстваў" кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

"Дакумент накіраваны на ўдасканаленне практыкі арганізацыі і правядзення такіх мерапрыемстваў, стымуляванне творчай дзейнасці айчынных выканаўцаў, падтрымку маладых талентаў, абарону інтарэсаў гледачоў ад падману з боку несумленных арганізатараў мерапрыемстваў", - адзначылі ў прэс-службе.

Указам прадугледжваецца, што арганізатар абавязаны атрымаць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-забаўляльнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (гастрольнае пасведчанне) ва ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама (Мінскага гарвыканкама).

На мерапрыемства з удзелам беларускіх выканаўцаў гастрольнае пасведчанне будзе выдавацца бясплатна.

На мерапрыемства з удзелам беларускіх і замежных альбо выключна замежных выканаўцаў гастрольнае пасведчанне выдаецца з уплатай дзяржаўнай пошліны ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Указам прадугледжаны выпадкі вызвалення арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў ад атрымання гастрольнага пасведчання альбо ад уплаты за яго дзяржаўнай пошліны.

Нармалагічным прававым актам таксама прадастаўлена права правядзення культурна-забаўляльных мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь замежным грамадзянам, асобам без грамадзянства, замежным і міжнародным арганізацыям.

Акрамя таго, указам урэгуляваны пытанні рэкламы культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, рэалізацыі уваходных білетаў і друкаванай прадукцыі, якая змяшчае інфармацыю аб мерапрыемстве, вызначаны абавязкі і правы арганізатараў мерапрыемстваў і гледачоў.-0-