4 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ворша і латвійскі Марупе наладжваюць эканамічнае супрацоўніцтва, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Аршанскага гарвыканкама Алег Смірноўскі. У Воршы з першым афіцыйным візітам знаходзяцца прадстаўнікі Марупскага рэгіёну. "Раней ніякія дзелавыя кантакты нас не звязвалі. Праз консульства Латвіі ў Віцебску мы выйшлі на кіраўніцтва Марупскага муніцыпалітэта і дамовіліся аб дзелавым візіце. Пры гэтым акцэнт вырашана было зрабіць на ўсталяванні ў першую чаргу эканамічных кантактаў", - адзначыў Алег Смірноўскі. У склад латвійскай дэлегацыі, якая прыбыла 3 снежня ў Воршу, увайшлі прадстаўнікі найбуйнейшых прадпрыемстваў Марупскага рэгіёну і прадпрымальнікі, у тым ліку ўладальнік Aneira OOO, старшыня па развіцці Марупскай думы, старшыня праўлення Асацыяцыі па кіраванні еўрапейскімі праектамі EPVA, член праўлення Riga International Airport і інш. Насычаная праграма знаходжання гасцей уключае наведванне каля 15 найбуйнейшых прадпрыемстваў Аршанскага рэгіёну: у прыватнасці, ільнокамбіната, камбіната хлебапрадуктаў, швейных прадпрыемстваў "Свiтанак", "Ніць", "Дынама Праграм Ворша", фабрыкі мастацкіх вырабаў, адкрытых акцыянерных таварыстваў "Воршасырзавод", "Воршабудматэрыялы", заводаў "Легмаш", "Чырвоны баец", камбіната жалезабетонных вырабаў і канструкцый. "З некаторымі з прадпрыемстваў прадстаўнікі Марупскага рэгіёну ўжо паспелі пазнаёміцца напярэдадні. Пры гэтым высокі інтарэс яны праявілі да швейных і будаўнічых прадпрыемстваў", - падкрэсліў намеснік старшыні, дадаўшы, што па выніках візіту, які завершыцца 5 снежня, чакаецца падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве. Тавараабарот Воршы і Латвіі за студзень-верасень гэтага года склаў звыш $1,3 млн., што ў 4 разы больш у параўнанні з узроўнем аналагічнага перыяду 2011 года. Прамысловымі прадпрыемствамі Воршы ў Латвію пастаўляюцца пасцельная, сталовая бялізна, кухонны прыналежнасці, розныя віды тканін (РУПТП "Аршанскі ільнокамбінат"), казеін (Аршанскі малочны камбінат), рэжучы інструмент (ААТ "Аршанскі інструментальны завод").-0-

БЕЛТА