19 лістапада, Орша /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Орша і Смаленск падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Аршанскага гарвыканкама Алена Русакова. Гарады маюць намер развіваць адносіны ў галіне гандлю, навукі, тэхналогій, культурных і адукацыйных абменаў, спорту, медыцыны. Улады дзвюх братніх адміністрацыйных адзінак маюць намер садзейнічаць устанаўленню прамых эканамічных кантактаў паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі, распрацоўваць варыянты ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў рамках мэтавых эканамічных праграм. Як адзначылі ва ўпраўленні эканомікі Аршанскага гарвыканкама, прадпрыемствы Оршы актыўна развіваюць знешнеэканамічныя сувязі з рэгіёнамі Расіі. Тэмп росту таваразвароту за дзевяць месяцаў бягучага года склаў 108,9%, пры гэтым экспарт вырас на 15,7%. Значную долю ў аб'ёмах экспарту займае прадукцыя Аршанскага льнокамбіната, ЗАТ "Свіцянка", СТАА "Дынама Праграм Орша", ААТ "Оршабудматэрыялы". Так, "Оршабудматэрыялы" па заключаных дагаворах паставілі ў Смаленскую вобласць ячэістага бетону на 167,4 млн. расійскіх рублёў, філіял ААТ "Трэст Белтрансбуд" "КСКіД" адгрузіў смаленскім партнёрам жалезабетонных вырабаў на суму 10,6 млн. расійскіх рублёў. Смаленск стаў 15-м па ліку горадам, з якім у Оршы заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве.-0-

БЕЛТА