Орша і Цвер падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве
5.4.20120 праглядаў
5 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Орша і Цвер падпісалі сёння пагадненне аб асноўных напрамках супрацоўніцтва, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім гарвыканкаме.
У цырымоніі падпісання дакумента прынялі ўдзел старшыня Аршанскага гарвыканкама Мікалай Лісоўскі і кіраўнік Цверы Уладзімір Бабічаў.
Адным з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва вызначана эканамічная сфера. Галоўнай задачай у ёй з'яўляецца наладжванне цесных партнёрскіх сувязяў з мэтай стварэння эфектыўнай сістэмы абмену дзелавой інфармацыяй і аператыўнага маркетынгу, накіраванага на забеспячэнне доўгатэрміновых дзелавых кантактаў паміж суб'ектамі малога прадпрымальніцтва, прадпрыемствамі і арганізацыямі Оршы і Цверы. Першыя крокі для гэтага ўжо зроблены - дэлегацыя Цверы падчас двухдзённага візіту наведала асноўныя прадпрыемствы Оршы: мясакансервавы і малочны камбінаты, ААТ "Аршасырзавод", хлебазавод, ільнокамбінат, ЗАТ ПТФ "Свiтанак", станкабудаўнічы завод "Чырвоны баец". Адбылася сустрэча з прадстаўнікамі дзелавых колаў.
Пагадненне заклікана таксама ўмацоўваць сувязі рэгіёнаў у сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту, навукова-тэхнічным комплексе, спрыяць папулярызацыі культурных каштоўнасцей. "Падпісанне пагаднення дасць магутны імпульс развіццю двухбаковых адносін Оршы і Цверы", - упэўнены ў Аршанскім гарвыканкаме.
На тэрыторыі Оршы знешнегандлёвую дзейнасць ажыццяўляюць 130 прадпрыемстваў і арганізацый. Удзельная вага экспарту прадукцыі горада ў агульным аб'ёме экспарту Віцебскай вобласці па выніках 2011 года склала каля 6%, імпарту - 1,2%. Больш за 40% прадукцыі рэгіёну, што вырабляецца, экспартуецца больш чым у 40 краін свету. У ліку рынкаў збыту, асвоеных у 2011 годзе, - Бельгія, Бразілія, Венесуэла, Грузія, Іспанія, Кітай, Швейцарыя, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Экспартны патэнцыял Оршы вызначаюць РУПТП "Аршанскі ільнокамбінат", ААТ "Аршанскі малочны камбінат", станкабудаўнічы завод "Чырвоны баец", ААТ "Аршанскі мясакансервавы камбінат", ЗАТ ПТФ "Свiтанак", прадпрыемствы вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, таварыства з абмежаванай адказнасцю "Арбіс". Больш за 66% адгружанай прадукцыі прыпадае на краіны СНД, у тым ліку ў Расію экспартуецца каля 60% тавараў.
Дакранаючыся эканамічнага супрацоўніцтва з Цверцю, у гарвыканкаме адзначылі, што за мінулы год у Цвер экспартавана прадукцыі аршанскіх прадпрыемстваў на $94 тыс. Так, аршанскі філіял Камбіната будаўнічых канструкцый і дэталяў ААТ "Трэст "Белтрансбуд" супрацоўнічаў з гандлёвай кампаніяй "ВолгаПрамТэхСнаб" (адгружана прадукцыі на $38,8 тыс.) Аршанскі льнокамбінат - з фірмай ТАА "Тайстра" (пастаўлена прадукцыі на $35,8 тыс.). Акрамя таго, у 2011 годзе ААТ "Завод ПАК" заключыла дагаворы з ЗАТ "Цвярскі экскаватар" на выраб прадукцыі на суму $20,2 тыс., адгрузка першай партыі тавару ажыццёўлена ў першым квартале гэтага года. Таксама гэтай вясной ЗАТ ПТФ "Світанак" удзельнічала ў выставе-кірмашы беларускіх тавараў, якая праходзіла ў Цверы. -0-
БЕЛТА