19 лістапада, Орша /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прэферэнцыі ад уключэння адкрытага акцыянернага таварыства "Аршанскі авіярамонтны завод" у свабодную эканамічную зону "Віцебск" дазволілі прадпрыемству ў 2012 годзе зэканоміць Br7 млрд. на падатках. Аб гэтым сёння ў Оршы на пашыраным выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах паведаміў дырэктар ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" Уладзімір Троіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вызваленыя сродкі прадпрыемства накіроўвае на мадэрнізацыю вытворчасці - рэканструюе цэх металаапрацоўкі. Першыя пастаўкі сучасных станкоў з лікавым праграмным кіраваннем пачнуцца ўжо на наступным тыдні, а запуск цэха ў строй запланаваны на 2013 год. Як адзначыў Уладзімір Троіцкі, ільготны рэжым падаткаабкладання прадпрыемства як рэзідэнта СЭЗ стаў адным з прывабных фактараў для інвестараў, якія набылі дзяржаўны пакет акцый ААТ. У канцы 2011 года дзяржава ажыццявіла адчужэнне шляхам продажу акцый ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" стратэгічным інвестарам - закрытаму акцыянернаму таварыству "Сістэмы інвестыцый і інавацый" (Беларусь) і публічнаму акцыянернаму таварыству "Матор Січ" (Украіна).
Інвестары ўзялі на сябе абавязацельствы на працягу 2012-2016 гадоў укласці ў рэканструкцыю, мадэрнізацыю вытворчых магутнасцей не менш за $12 млн., стварыць звыш 300 працоўных месцаў. Акрамя таго, на працягу двух гадоў з дня заключэння інвестыцыйнай дамовы новыя ўладальнікі прадпрыемства павінны правесці рэканструкцыю двух інтэрнатаў Аршанскага авіярамонтнага завода, а таксама накіраваць на працягу пяці гадоў каля Br20 млрд. у сацыяльна-эканамічнае развіццё пасёлка Балбасава.
Па словах Уладзіміра Троіцкага, падчас рэалізацыі інвестыцыйнага праекта прадпрыемства і інвестары сутыкнуліся з розным трактаваннем паняцця "заём" у беларускім і ўкраінскім заканадаўствах. Так, у Беларусі пазыкі можна прадастаўляць толькі пад працэнты, а ва Украіне яны могуць быць толькі беспрацэнтнымі. Дырэктар прадпрыемства папрасіў дэпутатаў звярнуць увагу на гэты прабел у Інвестыцыйным кодэксе. "Нестыкоўка заканадаўстваў выклікае праблемы з боку інвестараў, а ж пазыкі - гэта крыніца прыцягнення інвестыцый на прамой аснове", - дадаў ён.
Аршанскі авіярамонтны завод быў створаны ў 1941 годзе. У канцы 2009 года прадпрыемства было акцыянавана. Завод з'яўляецца ўладальнікам сертыфіката Авіяцыйнага рэгістра Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта, які сведчыць аб адпаведнасці Аршанскага авіярамонтнага завода патрабаванням авіяцыйных правілаў, стандартаў і рэкамендацый ІКАО, міжнародных стандартаў ІСО серыі 9000, а таксама правілаў JAR-145 і EAR-145. Акрамя таго, Аршанскі авіярамонтны завод мае сертыфікат расійскіх федэральных авіяцыйных правілаў ФАП-145Р на права выканання капітальнага рамонту верталёта МІ-8.
ПАТ "Матор Січ" - адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў рухавікоў для авіяцыйнай тэхнікі, а таксама прамысловых газатурбінных установак. Пастаўляе прадукцыю ў 106 краін свету. У агульным аб'ёме экспарту прадпрыемства каля 30% складае доля Расійскай Федэрацыі. "Матор Січ" забяспечвае больш чым на 80% патрэбнасць авіяпрама РФ у верталётных рухавіках.-0-
БЕЛТА