17 студзеня, Ворша /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэспубліканскае унітарнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства (РУВПГ) "Аршанскі льнокамбінат" адкрыла ў студзені бягучага года прадстаўніцтва ў Варшаве, паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар камбіната Уладзімір Несцярэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Уласная гандлёвая сетка камбіната ўключае шэсць магазінаў у Беларусі, некалькі прадстаўніцтваў за мяжой. У канцы 2011 года было адкрыта прадстаўніцтва ў Іванаве (Расійская Федэрацыя). Па словах Уладзіміра Несцярэнкі, прадпрыемства напружана працуе над зніжэннем складскіх запасаў. "Штогод прадаём на 20% больш, чым выпрацоўваем. Дынаміка ёсць", - канстатаваў ён. У цяперашні час складскія запасы ацэньваюцца ў Br64 млрд. Некаторыя вырабы не знайшлі свайго пакупніка з 2007 года. Аршанскі льнокамбінат - адно з вядучых прадпрыемстваў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці Беларусі і іншых краін СНД, утворана ў 1930 годзе. У цяперашні час у складзе прадпрыемства фабрыка №1 па вытворчасці дывановай пражы, тарнавых тканін і прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння з кароткага валакна, фабрыкі №2, №3 па вытворчасці пражы і тканін з доўгага ільнянога валакна, аздабляльная фабрыка, дзе выпускаюцца гатовыя бытавыя тканіны, швейная фабрыка. На прадпрыемстве налічваецца 25 цэхаў, 133 вытворчыя ўчасткі. Колькасць працаўнікоў на пачатак 2012 года перавысіла 5,7 тыс. чалавек, што складае 30% усіх занятых у прамысловасці Воршы. У 2007-2009 гадах праводзіўся першы этап тэхнічнага перааснашчэння камбіната, дзякуючы якому пашырыўся і абнавіўся асартымент ільняных тканін з адначасовым зніжэннем сабекошту, таксама асвоены новы від прадукцыі з кароткага ільнянога валакна - католен. Вытворчыя магутнасці дазваляюць перапрацоўваць у год каля 25 тыс.т ільнянога валакна і выпрацоўваць да 30 млн.кв.м ільняных тканін. Асартымент дасягае 2 тыс. артыкулаў. Гэта бытавыя тканіны розных малюнкаў і каларытаў, гатовыя вырабы, прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння. Бытавыя тканіны і вырабы з іх складаюць 77% у аб'ёме вытворчасці прадпрыемства. У 2011 годзе прадпрыемства пастаўляла прадукцыю ў 7 краін блізкага і 21 краіну далёкага замежжа. Удзельная вага бытавых тканін, якія пастаўляюцца на экспарт, складае больш за 70%. Па папярэдніх дадзеных, рэнтабельнасць продажаў па выніках 2011 года дасягне 19,6%. Чысты прыбытак перавысіць Br70 млрд. Сальда знешняга гандлю складваецца станоўчым на ўзроўні $28 млн.