4 жніўня, Аршанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Аршанскі раён павінен стаць базавым у Віцебскай вобласці ў асваенні інтэнсіўных тэхналогій у сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 4 жніўня Аршанскі раён, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Другі дзень рабочай паездкі Прэзідэнта па рэгіёнах краіны быў прысвечаны аграрнай і энергетычнай тэмам. Гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі падчас азнаямлення Аляксандра Лукашэнкі з працай і перспектывамі развіцця Беларускай ГРЭС, філіяла "Цеплічны", ААТ "Птушкафабрыка Аршанская", ААТ "Юбілейны". Аляксандр Лукашэнка адразу ж растлумачыў, што асноўная мэта яго прыезду - спрыяць развіццю Аршанскага раёна да ўзроўню базавага ў рэгіёне. Прэзідэнт у якасці пазітыўнага прыкладу прывёў Горацкі раён Магілёўскай вобласці, які ён наведаў напярэдадні. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што новы кіраўнік Горацкага раёна ідзе па правільным шляху: "Старшыня райвыканкама прайшоўся па ўсіх напрамках, выразна абазначыў, што трэба зрабіць, вызначыў аптымальную колькасць гаспадарак - з 15 пакінуў 12. Запланаваныя на будучы год "Дажынкі" ў Горках павінны падштурхнуць развіццё гэтага рэгіёну, і ён стане базавым у Магілёўскай вобласці". Такім жа флагманам на Віцебшчыне павінен стаць Аршанскі раён. "База для перспектыўнага развіцця тут добрая. Трэба толькі выразна ва ўсім вызначыцца. Калі патрэбныя нейкія аб'яднанні - аб'ядноўвайцеся. Але гэта не самамэта, усё трэба зрабіць разумна, з улікам эканамічнай эфектыўнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што "без мабілізацыі ўнутраных рэзерваў мы Оршу не выведзем на больш высокі ўзровень". Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб "тут зрабілі ўсё максімальна магчымае для рэзкага скачка наперад, а мы пры неабходнасці будзем дапамагаць, галоўнае, каб быў толк". Менавіта ў Аршанскім раёне плануецца ўкараняць новыя інтэнсіўныя тэхналогіі ў галіне сельскай гаспадаркі, а затым распаўсюджваць атрыманы вопыт на іншыя раёны гэтай часткі Віцебшчыны. У гэтым, на думку Аляксандра Лукашэнкі, заключаецца важнасць стварэння базавых раёнаў у абласцях. "На вас будуць раўняцца іншыя раёны са падобнымі ўмовамі гаспадарання, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да аршанцаў. - Трэба ствараць базавыя, тыповыя раёны, на вопыце якіх затым будуць вучыцца іншыя".