9 кастрычніка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. ЗАТ "Аршанская прамыслова-гандлёвая фірма "Свiтанак" плануе цалкам мадэрнізаваць швейныя цэхі за 2014-2015 гады, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Тэхнічнае перааснашчэнне закране 2 швейныя цэхі, у кожным з якіх па чатыры вытворчых патокі. Усяго трэба абнавіць больш за 60 адзінак абсталявання, якое заменяць на сучасныя ўніверсальныя швейныя машыны, што адрозніваюцца меншай энергаёмістасцю і большай эфектыўнасцю. На выхадзе гэта дазволіць павысіць прадукцыйнасць працы, а таксама палепшыць якасць выпускаемых вырабаў. Замена будзе праводзіцца ў адпаведнасці з распрацаванымі графікамі. Кошт дадзенага праекта складзе звыш Br2 млрд. Старое абсталяванне прадпрыемства ў далейшым плануе распрадаць, а атрыманыя сродкі накіраваць на далейшае развіццё вытворчасці.
Мадэрнізацыя швейных цэхаў з'яўляецца толькі часткай комплекснага плана па перааснашчэнні ЗАТ "Свiтанак", падкрэслілі спецыялісты. Пачынаючы з 2011 года, на прадпрыемстве было праведзена тэхпераўзбраенне ключавой яго часткі - эксперыментальнага цэха, дзе ўстаноўлена найноўшае праграмнае забеспячэнне для канструктараў і раскладчыкаў. Наступным этапам, які ахоплівае і бягучы год, стаў раскройны цэх. Аб'ём інвестыцый, накіраваных у асноўны капітал толькі ў бягучым годзе, складае каля Br1,4 млрд.
За студзень-жнівень бягучага года прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br47,8 млрд., або 136,6% да аналагічнага ўзроўню 2012-га. Рэнтабельнасць продажаў склала 13,6%. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 8%. На экспарт у Расію адгружана вырабаў на $5,1 млн., або 118,5% адпаведна. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме вытворчасці - 59,6%. Удзельная вага давальніцкай сыравіны па прадпрыемстве ў цэлым складае 50%.
Прадпрыемства заснавана ў 1924 годзе. У 1991-м стала закрытым акцыянерным таварыствам. Спецыялізуецца на пашыве верхняга адзення для дзяцей і падлеткаў ад 0 да 16 гадоў пад гандлёвай маркай "Артус", жаночага верхняга адзення, аказанні давальніцкіх паслуг. З мэтай забеспячэння высокай якасці прадукцыі на прадпрыемстве ўкаранёна і сертыфікавана сістэма менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням МС ІСА 9000. Прадукцыя мае сертыфікаты адпаведнасці па ГОСТ 25295-2003 і ГОСТ 25294-2003 у Беларусі і Расіі. Штогод выпускаецца чатыры калекцыі. Абнаўляльнасць складае больш за 80%. Магутнасці прадпрыемства дазваляюць выпускаць каля 400 тыс. швейных вырабаў у год. -0-