У Аршанскім дзяржаўным каледжы харчавання адбылося мерапрыемства, прысвечанае прысваенню ўстанове імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Аляксандравіча Корначонка, а таксама адкрыццю мемарыяльнай дошкі і ўручэнню дыпломаў аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі выпускнікам. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, прадстаўнікі аблвыканкама і Аршанскага райвыканкама.

У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў навучэнцы і выкладчыкі каледжа правялі даследчую працу па вывучэнні подзвігу Героя, яго біяграфіі. Прайшлі сустрэчы з роднымі, запісаны іх успаміны. Абапіраючыся на сабраны матэрыял, калектыў і навучэнцы выступілі з прапановай аб прысваенні навучальнай установе імя Героя для ўвекавечання яго памяці. Мемарыяльную дошку адкрылі Аляксандр Субоцін і выпускніца групы № 32 Сафія Цецярына.

Звяртаючыся да выпускнікоў каледжа, кіраўнік аблвыканкама падкрэсліў, што сучасная беларуская моладзь поўная энергіі і канструктыўных ідэй, смелых рашэнняў.

– Менавіта ад маладых спецыялістаў шмат у чым залежыць будучыня краіны, прэстыж і асаблівае стаўленне да прафесій сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, – сказаў ён. – Вы зараз, прайшоўшы самы цікавы этап, уваходзіце ў дарослае жыццё. Хачу пажадаць цярпення, поспехаў на вашым шляху, працоўных дасягненняў.

Прадстаўнікі ўлады ўручылі выпускнікам дыпломы аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі і сказалі напутлівыя словы.

Таксама Аляксандр Субоцін уручыў ганаровыя граматы і падзякі кіраўніку ўстановы адукацыі, лепшым педагогам і выпускнікам.

Ганаровыя госці азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай каледжа.

vitebsk-region.gov.by