16 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аршанцы ўдачу ў Год Дракона будуць прыцягваць мандаламі і самаробнымі ёлачнымі ўпрыгожаннямі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны. Штогод у калядныя і навагоднія дні супрацоўнікі музейнага комплексу запрашаюць гараджан і гасцей Оршы паўдзельнічаць у незвычайных акцыях і мерапрыемствах, звязаных з галоўным зімовым святам. Арыгінальным заняткам прапануюць яны заняцца і ў выходныя дні, што засталіся, напярэдадні Новага Года - вырабіць самаробныя ёлачныя цацкі і мандалы. Насычаныя ўласнай энергіяй, яны дазволяць у поўнай меры раскрыць сваю душу надыходзячаму Дракону і заваяваць яго прыхільнасць, упэўнены ў музеі. Майстар-класы пройдуць 18 і 25 снежня ў этнаграфічным музеі "Млын". Самым юным наведвальнікам і моладзі, вядома, у першую чаргу прапануюць стварыць з дапамогай падручных сродкаў і фантазіі яркі, маляўнічы ёлачны шарык або любое іншае навагодняе ўпрыгожанне. Дарослым удзельнікам больш цікавым будзе ўвасобіць свой унутраны свет, назапашаны жыццёвы досвед, бачанне Сусвету ў мандале - сімвалічным малюнку, які ўяўляе сабой спалучэнне кругоў і квадратаў. Сакраментальны малюнак можна выткаць на палатне, намаляваць фарбамі або алоўкамі на паперы. У ім неўсвядомлена раскрываюцца жаданні і імкненні, адлюстроўваюцца цяжкасці і страхі. Такім чынам мандала дапамагае аўтару лепш зразумець самога сябе, знайсці ключ да новага ўзроўню свайго жыцця. Удзел у гэтых мерапрыемствах не абмяжуецца толькі стварэннем творчых работ. Наведвальнікі таксама змогуць азнаёміцца з выстаўкамі ёлачных цацак і навагодніх паштовак пачатку і сярэдзіны XX стагоддзя, атрымаць прагноз, напісаць жаданне Дзеду Марозу, станцаваць у святочным карагодзе або пагутарыць з казачнымі героямі.-0-

БЕЛТА