31 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Аршанцы ў Год кнігі падтрымаюць справу Спірыдона Собаля: у чэрвені ў горадзе на Дзвіне будзе выдадзены Аршанскі букварь, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Аршанскага гарвыканкама.
Кніга, складзеная вядомымі аршанскімі пісьменнікамі і педагогамі Галінай і Сяргеем Трафімавымі на рускай мове, знаёміць з алфавітам. Асаблівасць выдання заключаецца ў прыведзеных прыкладах: у горадзе дастаткова памятных мясцін, а ў яго гісторыі - значных падзей і асоб, што праславілі Аршаншчыну, каб звязаць іх з усімі літарамі. Гэта і гарадское замчышча, і Куцеінскі манастыр, і Аршанскае Евангелле, мясцовыя прадпрыемствы, а таксама вядомыя кожнаму беларусу Караткевіч, Заслонаў і г.д. Сімвалічна, што ў прадмове кнігі прыводзяцца звесткі пра першы беларускі букварь, выдадзены ў 1631 годзе ў Куцеінскім манастыры друкаром Спірыдонам Собалем.
Праект рэалізуецца Аршанскім гарвыканкамам у рамках мерапрыемстваў Года кнігі. Тыраж Аршанскага буквара, які выйдзе ў свет у чэрвені, складзе 3 тыс. экзэмпляраў. Ілюстрацыі выкананы навучэнцамі дзіцячай мастацкай школы Оршы. Кнігі накіруюць у бібліятэчную сістэму горада, будуць яны рэалізоўвацца ў продажы, а частку экзэмпляраў урачыста ўручаць першакласнікам на святочных лінейках 1 верасня новага навучальнага года.
Дарослых чытачоў выданне прыцягне незвычайнай формай падачы матэрыялу. У юных пакаленняў кніга будзе выхоўваць павагу да гісторыі, любоў да роднай зямлі і гонар за сваю краіну, упэўнены ў гарвыканкаме.
Выданне "Буквара" Спірыдона Собаля стала важнай падзеяй у мастацтве кнігадрукавання і гісторыі беларускай нацыянальнай культуры. Кніга ўнесла значны ўклад у распаўсюджванне асветы ў Беларусі, Літве, на Украіне і за мяжой. Час быў бязлітасны да буквара: захавалася толькі адна такая кніга. Яна захоўваецца ў Нацыянальным музеі Украіны (Львоў). Яе мастацкую копію, выкананую мастаком Пятром Драчовым, можна ўбачыць у Аршанскім музеі гісторыі і культуры.-0-
БЕЛТА
Аршанцы ў Год кнігі падтрымаюць справу Спірыдона Сабаля
31.5.20120 праглядаў