14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гарады Орша і Полацк аб'яднаюць з іх раёнамі. Адпаведны ўказ №27 "Аб аб'яднанні раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання Рэспублікі Беларусь, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр" Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 14 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Дакументам прадугледжваецца аб'яднанне Аршанскага раёна і Оршы, Полацкага раёна і Полацка з мэтай удасканалення сістэмы дзяржаўнага кіравання, забеспячэння комплекснага развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак базавага тэрытарыяльнага ўзроўню. Перадумовы для такога аб'яднання склаліся на працягу шэрагу апошніх гадоў. Так, з мэтай удасканалення кіравання рознымі сферамі жыццезабеспячэння насельніцтва адбылося зліццё ў адну арганізацыю агульных для раёна і горада ўстаноў аховы здароўя, экалогіі, сувязі, ваенных камісарыятаў, рэгіянальных падраздзяленняў МНС, судоў, натарыяльных кантор і іншых службаў. Канцэнтрацыя матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў дасць магчымасць больш эфектыўна вырашаць пытанні развіцця вёскі, паляпшаць умовы дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, а таксама больш аператыўна і комплексна вырашаць пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця аб'яднаных гарадоў і раёнаў. Гэта таксама дазволіць аптымізаваць кіраўніцкія працэсы, скараціць выдаткі на ўтрыманне кіраўніцкага персаналу, забяспечыць для жыхароў горада і вёскі аднолькавы ўзровень даступнасці сацыяльнай інфраструктуры.-0-

БЕЛТА