30 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Восеньскія канікулы ў Сенне адкрые абласны фестываль аматарскіх лялечных тэатраў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Сенненскага райвыканкама Ларыса Новікава. Удзельнікамі абласнога свята-конкурсу, які адбудзецца ў першы дзень канікул - 1 лістапада, стануць 11 аматарскіх калектываў з Наваполацка, Шуміліна, Верхнядзвінска, Пастаў, Дуброўна, Росана, Гадка, Глыбокага, Лепеля, Чашнікаў. Сенна прадставіць лялечны тэатр "Петрушка", якому сёлета было прысвоена званне народнага аматарскага калектыву. Дзякуючы гэтаму дасягненню яго родны горад і быў абраны месцам правядзення фестывалю, адзначыла Ларыса Новікава. На свяце калектывы пакажуць пастаноўкі як па вядомых казках, так і ўласнага сачынення: "Тэрамок", "Цар Ірод", "Чараўніца Восень", "Чароўная дудачка", "Маша і Мядзведзь", "Новыя прыгоды ката з Прастаквашына", "Гадзіннік з кукушкай" і інш. Дэманстрацыя казак адбудзецца ў раённым Доме культуры. Гледачамі стануць больш за 500 дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту з усяго раёна. Пры гэтым перад кожным паказам дзяцей будуць сустракаць казачныя героі і блазны, якія не толькі пагуляюць з дзятвай у вясёлыя гульні, але і паглядзяць разам з імі адкрытыя тут жа выставы лялек і дзіцячага малюнка. Выступленні творчых калектываў ацэніць кампетэнтнае журы ў складзе прадстаўнікоў Беларускага тэатра "Лялька", Віцебскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці, каледжа культуры і мастацтваў, упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама і Сенненскага райвыканкама, якія вызначаць уладальнікаў Гран-пры і трох прызавых месцаў. Не толькі гледачоў, але і ўдзельнікаў у гэты дзень парадуюць падарункамі. На фестываль запрошаны некалькі шматдзетных сем'яў з Сенненскага раёна. Па завяршэнні спектакля прадстаўнікам кожнай з іх выступіўшыя калектывы ўручаць спецыяльна прыгатаваныя падарункі.-0-

БЕЛТА