Асноўны спектр ветэрынарных вакцын плануецца распрацаваць у Беларусі ў бліжэйшыя гады
4.11.20110 праглядаў
4 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца распрацаваць асноўны спектр ветэрынарных вакцын і асвоіць іх вытворчасць на айчынных прадпрыемствах. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў першы намеснік дырэктара дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі, галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Юрый Піваварчык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Юрыя Піваварчыка, такая задача ставіцца перад айчыннай навукай на бліжэйшы час, а яе выкананне дазволіць у значнай ступені замясціць імпартныя аналагі. Сёння ў Беларусі вядзецца прафілактыка каля 80 небяспечных захворванняў, у гэтай важнай і адказнай працы прымаюць удзел ветурачы і навукоўцы.
Вялікае значэнне мае супрацоўніцтва навукоўцаў з розных краін. "Калі ўдаецца аб'яднаць патэнцыял спецыялістаў з розных краін і рэгіёнаў свету, то лягчэй справіцца з захворваннямі, якія не ведаюць межаў, хутчэй можна стварыць спецыфічную прафілактыку, каб у канчатковым выніку прадухіляць значныя эканамічныя страты", - падкрэсліў Юрый Піваварчык.
У Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны праходзіць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Сучасныя праблемы ветэрынарнай медыцыны і заатэхніі" з удзелам каля 200 навукоўцаў і спецыялістаў навукова-даследчых цэнтраў, а таксама ветэрынарных ВНУ з Расіі, Украіны, Казахстана і Беларусі. Найбольш прадстаўнічай дэлегацыяй на канферэнцыі нароўні з беларускімі ўдзельнікамі стала каманда расійскіх навуковых устаноў, у якую ўвайшлі супрацоўнікі арганізацый амаль з 20 рэгіёнаў ад Прымор'я да самых заходніх абласцей Расіі.
У цэнтры ўвагі спецыялістаў – абмеркаванне пытанняў развіцця прамысловай жывёлагадоўлі, стварэння і ўкаранення сучасных тэхналогій у ветэрынарыі, а таксама тэхналагічнага суправаджэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Асноўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца каардынацыя вучэбнай і навукова-даследчай дзейнасці арганізацый для вырашэння агульных задач, якія стаяць перад ветэрынарнай навукай і адукацыяй, а таксама абмен вопытам, пашырэнне супрацоўніцтва ў рэалізацыі супольных даследчых праектаў. Арганізавана праца трох секцый, на якіх прадстаўляюцца вынікі даследаванняў і праходзяць дыскусіі па праблемах захворвання сельскагаспадарчых жывёл, у тым ліку па вызначэнні патагенезу новых і пакуль невядомых хвароб, распрацоўцы перадавых прэпаратаў і стварэння вакцын. Адным з напрамкаў дыялогу з'яўляюцца пытанні генетыкі і селекцыі, праблемы ўтрымання, кармлення і ўкаранення тэхналогій развядзення ў жывёлагадоўлі. Па выніках канферэнцыі 5 лістапада запланавана правядзенне круглага стала па абмеркаванні стану і перспектыў развіцця ветэрынарнай адукацыі, навукова-даследчай дзейнасці ў ветэрынарных ВНУ.
Арганізатарамі навукова-практычнай канферэнцыі выступаюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны.-0-
БЕЛТА