Асноўныя сродкі неабходна ўкладваць у хуткаакупныя праекты - А.Лукашэнка
12.7.20100 праглядаў
12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2011 годзе неабходна завяршыць будаўніцтва ўсіх аб'ектаў сацыяльнай сферы, а асноўныя сродкі ўкладваць у хуткаакупныя праекты. Такіча задачу паставіў 9 ліпеня Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы наведаў Віцебскую біяфабрыку, дзе азнаёміўся з арганізацыяй вытворчасці сучасных ветэрынарных прэпаратаў, іх пастаўкамі на ўнутраны і знешні рынкі, а таксама з сучасным абсталяваннем, тэхналагічным працэсам вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў.
Віцебская біяфабрыка з'яўляецца адзіным прадпрыемствам біялагічнай прамысловасці ў рэспубліцы, якое вырабляе лекавыя сыроваткі і бактэрыяльныя вакцыны для патрэб жывёлагадоўлі. З 1995 па 2010 год асвоена вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў больш за 60 найменняў. Прадукцыя, якая выпускаецца біяфабрыкай, прызначана для выяўлення, прафілактыкі і паспяховага лячэння найбольш распаўсюджаных бактэрыяльных і вірусных інфекцый у жывёлагадоўлі.
У 2005 годзе пачата рэканструкцыя біяфабрыкі з мэтай стварэння належных санітарна-гігіенічных умоў, рэарганізацыі тэхналагічных працэсаў на сучасным узроўні, а таксама найбольш поўнага задавальнення патрэб жывёлагадоўлі рэспублікі ў біялагічных прэпаратах. Для завяршэння рэканструкцыі, тэхналагічнага перааснашчэння, добраўпарадкавання тэрыторыі, асваення новых відаў прадукцыі (вірусных прэпаратаў) патрабуецца дадатковае фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту ў памеры Br4,5 млрд.
Як было дакладзена кіраўніку дзяржавы, прадпрыемства актыўна вядзе работу па імпартазамяшчэнні ветэрынарных лекавых сродкаў. Плануецца, што да 2015 года 80% такой біяпрадукцыі будзе вырабляцца ў краіне. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі распрацавала 18 супрацьвірусных прэпаратаў і 14 бактэрыяльных, якія перададзены біяфабрыцы. Акрамя таго, тут адпрацоўваецца 50 тэхналогій новых прэпаратаў, таксама распрацаваных беларускімі вучонымі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сёння Віцебская біяфабрыка цалкам можа пакрыць патрэбы ў выпускаемай прадукцыі ў краіне, а таксама накіроўваць частку яе за мяжу.
Прэзідэнт паставіў задачу нарошчвання экспартных магчымасцей не толькі гэтага, але ў цэлым усіх беларускіх прадпрыемстваў.
Сёння прадукцыя Віцебскай біяфабрыкі рэалізуецца ў Расіі, Казахстане, Азербайджане, Турцыі. Да 2015 года плануецца выйсці на рынкі 12 краін. Як было дакладзена кіраўніку дзяржавы, попыт на прадукцыю прадпрыемства сёння вялікі.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў такой сітуацыі неабходна пашыраць вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў. "Калі ёсць рынак, і рынак безмерны, ёсць попыт, ёсць магчымасці, то чаму не павялічыць вытворчасць", - адзначыў Прэзідэнт. На яго думку, гэта менавіта тое, у што неабходна ўкладваць сродкі.
Падчас наведвання прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка ў цэлым цікавіўся развіццём прамысловых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, а таксама сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі рэгіёну, ходам сельгасработ.
Як далажыў Прэзідэнту старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, пытанне канцэпцыі развіцця галін прамысловасці з'яўляецца сёння адным з асноўных. У вобласці распрацавана праграма развіцця прамысловага сектара, якая прадугледжвае зніжэнне да 2015 года ўдзельнай вагі паліўнага сектара з 58% да 33% у агульнай структуры прамысловасці. Для гэтага неабходна мадэрнізацыя прадпрыемстваў і іх перааснашчэнне.
Што ж тычыцца сельскай гаспадаркі, то, на думку Прэзідэнта, Віцебскай вобласці неабходна знайсці тое напрамак, які будзе найбольш аптымальным. Сёння ж паказчыкі эфектыўнасці сельскагаспадарчай дзейнасці нізкія. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Віцебшчына цалкам можа мець той жа фінансавы вынік ад сельскай гаспадаркі, як і Гродзенская вобласць. Аднак рэгіёну неабходна вызначыцца са стратэгіяй.
Прэзідэнту таксама былі прадстаўлены прапановы Віцебскага аблвыканкама па будаўніцтве, рэканструкцыі і рамонце аб'ектаў Віцебска і змяненнях генеральнага плана горада.
Аднак Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краіне неабходна скарачаць колькасць новабудоўляў і тых аб'ектаў, якія не з'яўляюцца жыццёва неабходнымі. Па яго словах, у свой час былі шырока разгорнуты маштабныя праекты, і на сённяшні дзень уведзена ў строй дастаткова адукацыйных, медыцынскіх і іншых устаноў. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у наступным годзе будуць узводзіцца толькі тыя аб'екты, якія сапраўды неабходныя."Нам трэба ў бягучым годзе паскорыцца, а ў будучыні - завяршыць будаўніцтва ўсіх сацыяльных аб'ектаў", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, больш сродкаў будзе ўкладвацца ў хуткаакупныя праекты. Тыя ж сродкі, якія вызваляцца, будуць накіраваны людзям. "Гэтыя сродкі неабходна аддаць людзям, яны сёння не багатыя", - дадаў ён.
Увечары Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця ХIХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Па традыцыі кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльныя ўзнагароды і прэміі калектывам, дзеячам культуры і мастацтва. -0-
БЕЛТА