29 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Масавае абследаванне на пацвярджэнне статусу асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) мясцовага значэння пачнецца ў 2012 годзе ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Для пацвярджэння знаходжання, а таксама выяўлення новых відаў жывёл і раслін, якія патрабуюць аховы, у 2011 годзе па замове абласнога камітэта прыродных рэсурсаў вучонымі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.Машэрава былі абследаваны ААПТ у пяці раёнах вобласці: Верхнядзвінскім, Віцебскім, Гарадоцкім, Сенненскім і Ушацкім. Пасля атрымання вынікаў гэтай работы будзе вырашана пытанне па пацвярджэнні статусу або пераўтварэнні ААПТ, а таксама складзена навуковае і тэхнічна-эканамічнае абгрунтаванне заказнікаў і помнікаў прыроды мясцовага значэння.
Абласны камітэт прыродных рэсурсаў плануе ў 2012 годзе працягнуць гэту работу з прыцягненнем вучоных віцебскага ўніверсітэта.
Як растлумачылі ў камітэце, абследаванне праводзіцца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь на 2008 – 2014 гады. Акрамя таго, падчас аналізу ахоўных дакументаў па ААПТ супрацоўнікамі абласнога камітэта выяўлены парушэнні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь "Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях", у прыватнасці рашэнні некаторых райвыканкамаў аб аб'яўленні або пераўтварэнні ААПТ не адпавядаюць заканадаўству.
З мэтай захавання унікальных прыродных аб'ектаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці маецца адзін запаведнік - Бярэзінскі біясферны запаведнік плошчай 62,4 тыс. га, два нацыянальныя паркі - "Браслаўскія азёры" плошчай 71,5 тыс. га і "Нарачанскі" (на тэрыторыі Пастаўскага раёна ён займае плошчу 1 тыс. га), 22 заказнікі рэспубліканскага значэння (166 тыс. га), 76 помнікаў рэспубліканскага значэння (570 га), 79 заказнікаў і 143 помнікі мясцовага значэння. Агульная плошча асабліва ахоўных тэрыторый Віцебскай вобласці складае 361, 4 тыс. га, што займае каля 9 % ад плошчы вобласці.-0-
БЕЛТА
Асабліва ахоўным прыродным тэрыторыям у Віцебскай вобласці ў 2012 годзе давядзецца пацвердзіць свой статус
29.12.20110 праглядаў