Перапахаванне астанкаў загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў і мірных жыхароў пройдзе ў Віцебскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім райвыканкаме.
Траурная цырымонія з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, пошукавікаў, вайскоўцаў і мясцовых жыхароў адбудзецца 25 кастрычніка на воінскіх пахаваннях у аграгарадку Заронава.
У маі і жніўні гэтага года ў наваколлі гэтага населенага пункта і вёскі Палойнікі вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна сумесна з членамі Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыі "Дабрачынны ваенна-гістарычны пошукавы клуб "Памяць і прымірэнне" праводзілі палявыя пошукавыя работы. Удзельнікі патрыятычнай акцыі працавалі ў Віцебскім раёне другі год запар, выбіраючы месцы для раскопак на аснове вывучаных архіўных даных і абапіраючыся на звесткі мясцовых старажылаў. У 2018 годзе яны выявілі астанкі 137 чырвонаармейцаў (таксама перапахаваныя ў Заронава), у гэтым - 144 байцоў Чырвонай Арміі і 10 мірных жыхароў.
Імёны некаторых з іх удалося ўстанавіць. Па знойдзенай у наваколлі Заронава медалі "За адвагу" быў апазнаны радавы Мікалай Іванавіч Лебедзеў 1925 года нараджэння. Ураджэнец Маскоўскай вобласці лічыўся прапаўшым без вестак у снежні 1943 года. На цырымонію перапахавання запрошаны яго праўнучаты пляменнік, якому будзе ўрачыста перададзена знойдзеная ўзнагарода. Дзякуючы яшчэ адной выяўленай медалі "За баявыя заслугі" ўдалося вызначыць імя яшчэ аднаго загінулага ў гэтых месцах воіна - малодшага сяржанта Аляксея Мікалаевіча Копысава (Копасава) 1907 года нараджэння, які загінуў 3 студзеня 1944 года.