Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў са справаздачай старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзіміра Арлоўскага. У цэнтры ўвагі былі пытанні функцыянавання мытных органаў – ад выканання задачы па напаўненні бюджэту да процідзеяння санкцыйнаму ціску Захаду, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З вашага пункту гледжання, якая сітуацыя на мяжы? Натуральна, з пункту гледжання эканомікі перш за ўсё. Як вы выконваеце асноўныя свае абавязкі па фарміраванні дзяржаўнага бюджэту ў той сферы, за якую вы адказны?" – абазначыў ключавыя пытанні кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы.

Прэзідэнт нагадаў, што некаторы час таму адбылося пераразмеркаванне функцый і паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі памежным і мытным камітэтамі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы: "Што адбываецца ў сувязі з гэтым? Ці ёсць нейкія насцярожанасці? Можа, мы дзесьці памыліліся?"

"Я хацеў бы, каб вы далі ацэнку нашым дзеянням і (справаздачыце. – Заўвага. БЕЛТА) як вы дзейнічаеце па накірунку процідзеяння санкцыйным мерам з боку Захаду, – працягнуў беларускі лідар. – Захад увёў супраць нас санкцыі. Мы адказалі. На вас ускладзена самая асноўная функцыя на пярэднім рубяжы, у эканоміцы – па кантролі за выкананнем мерапрыемстваў антысанкцыйнага характару, гэта значыць нашы адказныя меры. Як яны сёння ў нас выглядаюць? Што адбываецца ў сувязі з гэтым?"

Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне ўдасканалення інфраструктуры на пунктах мытнага пропуску і мытных тэхналогій. "Еўрапейскі саюз у свой час фінансаваў некаторыя сумесныя праграмы ў сферы мытні на нашай мяжы. У свой час яны спынілі нам дапамагаць, нас падтрымліваць у гэтым плане, адмовіліся ад выканання праграм. Гэта свінства поўнае: паабяцалі, дамовіліся, а потым на гэта ўсё плюнулі. Што ж, яны, мабыць, маюць на гэта права, – сказаў Прэзідэнт. – Мы змаглі замясціць іх адсутнасць сваімі мерамі? Мы не страцілі гэтыя праграмы, працягваем удасканальваць інфраструктуру мытных органаў?"