Рабочы графік Прэзідэнта Беларусі заўсёды вельмі насычаны падзеямі. Аляксандр Лукашэнка праводзіць нарады і рабочыя сустрэчы па найбольш актуальных пытаннях развіцця краіны, рэгулярна бывае ў рэгіёнах, здзяйсняе замежныя візіты і сам прымае замежных гасцей, размаўляе з журналістамі, падпісвае ўказы і законы. І нават калі публічных мерапрыемстваў няма, гэта зусім не значыць, што кіраўнік дзяржавы не працуе. Зрэшты, і падчас адпачынку, няхай гэта будзе хакейная трэніроўка ці сячэнне дроў, Аляксандр Лукашэнка час ад часу знаходзіць нагоду для чарговага даручэння. Як ён любіць казаць, трэба ва ўсім ісці ад жыцця.

Праект "Нядзеля Прэзідэнта" для тых, хто хоча ісці ў нагу з кіраўніком дзяржавы, быць у курсе найбольш актуальных заяў і рашэнняў беларускага лідара.

Ці ёсць патэнцыял у адносінах з Казахстанам і што з вопыту гэтай краіны ў Беларусі "бяруць на аловак"; як ідзе падрыхтоўка да маючай адбыцца ў 2024 годзе маштабнай выбарчай кампаніі; чаму важна трымацца разам у АДКБ і на постсавецкай прасторы ў цэлым і як гэта звязана з "амерыканскім шылам" у Еўропе; якія задачы Лукашэнка паставіў перад урадам і як засуха паўплывала на сельскую гаспадарку; пра што Прэзідэнт сказаў у напутсці выпускнікам.

А яшчэ пра напружаную суботу на фоне спробы ваеннага мяцяжу ў Расіі. Як перамовы Лукашэнкі з кіраўніком ПВК "Вагнер" Яўгенам Прыгожыным дапамаглі пераадолець вострую фазу і знайсці мірныя развязкі - у чарговым выпуску спецпраекта БЕЛТА "Нядзеля Прэзідэнта".

ЁСЦЬ НАД ЧЫМ ПРАЦАВАЦЬ. Як Лукашэнка ацэньвае адносіны з Казахстанам

Працоўны тыдзень кіраўнік дзяржавы пачаў з сустрэчы 19 чэрвеня з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных спраў Казахстана Муратам Нуртлеу, які знаходзіўся з візітам у Беларусі.

"Мы можам канстатаваць сёння, што адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам знаходзяцца на вельмі высокім узроўні, але, як кажуць спартсмены, ёсць над чым працаваць", - сказаў Прэзідэнт.

У Беларусі, па словах кіраўніка дзяржавы, вельмі ўважліва назіраюць за працэсам трансфармацыі інстытутаў кіравання і грамадства ў Казахстане і "шмат што бяруць на аловак".