З 22 студзеня ў краіне дзейнічаюць новыя правілы па адчужэнні транспартных сродкаў. У распрацоўцы новаўвядзенняў актыўны ўдзел прымало МУС.
Змены закранулі парадак афармлення куплі-продажу. Скасаваны рахункі-даведкі. Цяпер здзелкі, у якіх хаця б адзін з бакоў з'яўляецца юрыдычнай асобай альбо індывідуальным прадпрымальнікам, у падраздзяленнях Дзяржаўтаінспекцыі не рэгіструюцца. Паміж удзельнікамі складаецца пісьмовы дагавор і акт перадачы транспартнага сродку, які на момант продажу павінен быць зняты з уліку. Далей пакупнік з названымі дакументамі накіроўваецца ў рэгістрацыйнае падраздзяленне для пастаноўкі яго на ўлік.
Дагаворы, якія заключаюцца паміж фізічнымі асобамі, як і раней, падлягаюць рэгістрацыі ў падраздзяленнях Дзяржаўтаінспекцыі. Аднак цяпер іх таксама можна зарэгістраваць і ў натарыуса.
Па інфармацыі ГУУР МУС, з 2018 года ў Беларусі здзейснена 207 махлярстваў, звязаных з завалоданнем аўтамабілямі грамадзян і юрыдычных асоб. За гэты ж перыяд выяўлена больш за 440 машын, выкрадзеных у Расіі, і 170 транспартных сродкаў, якія разыскваюцца па лініі Інтэрпола. У большасці выпадкаў яны эксплуатаваліся з падробленымі рэгістрацыйнымі дакументамі і (або) змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі. Некаторыя з іх былі рэалізаваны з выкарыстаннем рахунку-даведкі.