7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Асобныя беларускія банкі ідуць насустрач кліентам у пагашэнні валютных крэдытаў рублямі, перадае кар. БЕЛТА. У прыватнасці ААТ "АСБ Беларусбанк" прымае аплату валютных крэдытаў у беларускіх рублях. Пра гэта паведаміла кар. БЕЛТА старшыня праўлення банка Надзея Ермакова. "Калі ў крэдытаатрымальніка няма валюты, то мы прымаем плацяжы ў рублях. Пры гэтым курс разлічваем, зыходзячы з курса Нацбанка плюс 2%. Такім чынам, усе страты банк бярэ на сябе", - сказала Надзея Ермакова. Пры гэтым яна нагадала, што грамадзяне могуць праканвертаваць увесь валютны крэдыт у рублёвы, але пры гэтым зменяцца ўмовы прадастаўлення сродкаў. Пасля пераводу валютных крэдытаў у беларускія рублі па крэдытных дагаворах устанаўліваюцца ўмовы, якія дзейнічаюць па дадзеным відзе крэдыту ў беларускіх рублях на дату заключэння дадатковага пагаднення да крэдытнага дагавора, з наступнымі асаблівасцямі. Па крэдытах у замежнай валюце, аплата працэнтаў па якіх ажыццяўлялася раўнамернымі ўнёскамі, пры змене валюты крэдытаў парадак аплаты працэнтаў за карыстанне крэдытам у беларускіх рублях устанаўліваецца: шляхам унясення раўнамерных унёскаў - з устанаўленнем па крэдытным дагаворы працэнтнай стаўкі ў памеры 17% гадавых; за фактычны час карыстання крэдытам - з устанаўленнем па крэдытным дагаворы працэнтнай стаўкі ў памеры 14,5% гадавых. Пералік ажыццяўляецца па курсе продажу, устаноўленым па аперацыях з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак ААТ "АСБ Беларусбанк" на дату заключэння дадатковага пагаднення да крэдытнага дагавора. Усяго ж у цяперашні час запазычанасць па валютных крэдытах фіз. асоб у Беларусбанку складае $90 млн. у эквіваленце, або Br277 млрд., - гэта каля 1,6% усёй запазычанасці па крэдытах фіз. асоб. У ААТ "Белінвестбанк" кар. БЕЛТА растлумачылі, што банк працуе з фізічнымі асобамі па валютных крэдытах у межах заключаных дагавораў, а імі не прадугледжваецца ажыццяўленне плацяжоў у рублях. "Але мы спрабуем прадаваць грамадзянам валюту на пагашэнне валютных крэдытаў, бо рызыкі павінны несці два бакі здзелкі", - сказалі ў банку. "У нас невялікі партфель запазычанасці ў валюце, такіх крэдытаў няшмат, таму для банка гэтая сітуацыя некрытычная", - растлумачылі спецыялісты.