Калі вы вырашылі ў гарачыя летнія дні выехаць на прыроду і адпачыць, было б няблага паклапаціцца пра тое, каб ваша баўленне часу было бяспечным. МНС падрыхтавала для вас некалькі лайфхакаў.
Сонца
Сонечныя прамяні дораць нам радасць, загар і вітамін D, але памятайце пра тое, што злоўжыванне сонцам і занядбанне абароны прыводзіць да непрыемнасцей. Надзець кепку, капялюш і панамку. Правядзіце тую ж працэдуру з дзецьмі, калі яны ў вас ёсць.
Не ляжыце доўга на сонцы. Не трэба. Можна перагрэцца і потым хадзіць млява цэлы дзень. А можна трапіць у рэанімацыю з-за сонечнага або цеплавога ўдару.
Не піце. У сэнсе, спіртное. Астатняе піце і пабольш – арганізм губляе вадкасць у спякоту, а значыць, трэба чымсьці запаўняць. Лепш за ўсё падыходзіць вада, квас, зялёны чай, слабая мінералка без газу. А вось сумесь фарбавальнікаў, араматызатараў, кіслот са салодкай газіроўкі падыдзе толькі тым, у каго моцны страўнік. Пасля ўжывання такога піцця смага адолее яшчэ больш.
Вада
Калі вырашылі выкупацца – то праверце бераг і ваду, там не павінна быць шкла ці іншага небяспечнага смецця. Густыя зараснікі водарасцяў таксама не ўпрыгожаць ваш адпачынак. Калі вы з дзецьмі – сачыце за імі. Растлумачце, што нельга дражніцца ў вадзе. І самі не дражніцеся – дзеці ўсё паўтараюць за дарослымі, а таму вельмі важны асабісты прыклад. У ваду заходзьце павольна. Дзяцей не пакідайце без нагляду нават на хвіліну. Бо калі дзіця сышло пад ваду, сцэнар «цела шукаюць вадалазы» можа стаць рэальнасцю.
Не скакайце з абрываў або мастоў. Не купайцеся п'янымі! Большасць патанулых знаходзіліся ў алкагольным ап'янэнні перад апошнім заплывам.
Агонь
Разводзьце вогнішчы правільна. Калі вы на прыродзе, то выкарыстоўвайце для гэтага спецыяльна абсталяваныя месцы. Калі іх няма, то абсталюйце самі: расчысціце прастору на метр вакол, каб там была толькі зямля, абкладзіце агонь камянямі або цэглай. Не стаўце палаткі, рэчы або машыну каля агню. Каб не давялося затуптваць раптам успыхнулае траву падэшвамі ўласных ботаў, паклапаціцеся пра вядро з вадой або іншы сродак тушэння.
Памятайце, што падчас забароны нават проста знаходзіцца ў лесе не толькі небяспечна для соснаў і елак, але і фінансава адчувальна для вашага кашалька.