Патрабавальнасць да якасці работы праваахоўнага блока ў Беларусі будзе толькі ўзрастаць. Пры гэтым да парушэнняў закона, уключаючы бандытызм і карупцыю, стаўленне з боку дзяржавы будзе ранейшае і нават больш жорсткае. Пра гэта заявіла журналістам прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі па тэме работы праваахоўнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нарада працягвалася каля трох з паловай гадзін, і гэта была няпростая, шчырая, а часта і жорсткая размова, адзначыла Наталля Эйсмант. "Тыя, хто паспяшаўся ўбачыць тут нейкія будучыя паслабленні або тым больш нейкую піяр-кампанію, проста недаацэньваюць сітуацыю і не ведаюць нашага Прэзідэнта. Патрабавальнасць з сённяшняга дня будзе толькі ўзрастаць, прычым патрабавальнасць па ўсіх франтах", - падкрэсліла прэс-сакратар Прэзідэнта.

Яна звярнула ўвагу, што да бандытызму, карупцыі і іншых парушэнняў закона стаўленне з боку дзяржавы будзе ранейшае і нават яшчэ больш жорсткае. "Гэта значыць, паслабленняў не будзе, хто б што ні ўбачыў. Тым, каму месца ў турме, павінны быць і будуць у турме. Гэта адназначна", - сказала Наталля Эйсмант.

У той жа час кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб пры расследаванні крымінальных спраў не пакутавалі невінаватыя людзі. "Справядлівасць тут сапраўды ключавое слова. На гэта Прэзідэнт звяртаў увагу не раз. У гэтым плане будзе шматразова ўзмацняцца кантроль за якасцю работы праваахоўных органаў. А гэта і ёсць тая самая справядлівасць", - адзначыла Наталля Эйсмант.

Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка публічна і падрабязна абазначыў недахопы ў рабоце сілавікоў. "Я гэта хачу падкрэсліць асабліва: Прэзідэнт сёння рассакрэціў, напэўна, адзін з самых закрытых дакументаў, які паступіў да яго пасля дбайнай прапрацоўкі адпаведных структур. Гэта значыць, гэта тое, што, кажучы простай мовай, накапалі самі праваахоўнікі, - звярнула ўвагу прэс-сакратар. - Прэзідэнт не спыніўся на нейкіх канкрэтных фактах, нічога не канкрэтызаваў, каб не зводзіць размову да абмеркавання нейкіх прыватных прыкладаў, выпадкаў. Галоўнай мэтай было канкрэтызаваць і назваць менавіта праблемы, недахопы і запатрабаваць ад прысутных тлумачэнні па гэтых праблемах і недахопах".