Скасаванне дазвольнага парадку аўтамабільных грузаперавозак паміж Беларуссю і Казахстанам чакаецца ў 2013 годзе
21.11.20120 праглядаў
21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адмена дазвольнага парадку аўтамабільных грузаперавозак паміж Беларуссю і Казахстанам чакаецца ў 2013 годзе. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра эканомікі Беларусі Антон Кудасаў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам візіту ўрадавай дэлегацыі ў Індыю, Бангладэш і Казахстан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У ходзе візіту прэм'ер-міністра Беларусі ў Казахстан была дасягнута дамоўленасць аб адмене дазвольнага парадку аўтамабільных грузаперавозак. Сёння склалася такая сітуацыя: Беларусь і Расія маюць дазвольны парадак для перавозак грузаў у або з трэціх краін, а з Казахстанам не толькі перавозак у або з трэціх краін, але і на ўзаемныя грузаперавозкі. Гэта азначае, што ёсць пэўны ліміт гэтых дакументальных дазволаў, які стрымлівае транспартны бізнес і магчымасці казахстанскіх грузаатрымальнікаў", - адзначыў намеснік міністра.
Антон Кудасаў паведаміў, што для рэалізацыі гэтай дамоўленасці ў бліжэйшы час будзе распрацавана адпаведнае міжурадавае пагадненне. "Мы спадзяёмся, што ўжо ў наступным годзе гэта пагадненне будзе падпісана паміж Беларуссю і Казахстанам. А калі да гэтай дамоўленасці таксама далучыцца Расія, то гэта дазволіць стварыць сапраўды адзіную транспартную прастору як ключавы элемент адзінай эканамічнай прасторы", - падкрэсліў ён.
Таксама намеснік міністра паведаміў, што ў ходзе візіту бакамі быў абмеркаваны праект індустрыяльна-лагістычнага парку сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі. "Гэты праект - гэта якаснае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з Казахстанам. Тут гаворка ідзе ўжо не аб экспарце айчыннай тэхнікі або яе зборцы на тэрыторыі Казахстана, а аб поўнамаштабным навукова-канструктарскім, навучальным і тэхналагічным супрацоўніцтве. Такая схема адносін магчыма і з іншымі дзяржавамі-партнёрамі", - адзначыў Антон Кудасаў.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік паведаміў, што вынікам візіту прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча ў Казахстан стала падпісанне 9 міжнародных дагавораў, 3 з іх – міжурадавыя і 6 – міжведамасныя. Заключаны камерцыйныя кантракты на пастаўку кар'ернай тэхнікі беларускай вытворчасці на суму $11,6 млн. Таксама дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні 4 сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі Казахстана, гэта беларуска-казахстанскі індустрыяльна-тэхналагічны парк, сумесныя прадпрыемствы з ААТ "БелАЗ", РУП "МТЗ" і СААТА "Белвест". Адное сумеснае прадпрыемства па вытворчасці тэрафталевай кіслаты на аснове казахстанскага пара-ксілолу мяркуецца стварыць у Беларусі.-0-
БЕЛТА