10 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Зводны атрад МНС Беларусі змагаецца з агнём у адным з самых складаных па пажарнай сітуацыі расійскіх рэгіёнаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Паводле даных МНС Расіі, у Разанскай вобласці, дзе знаходзяцца беларускія ратавальнікі, у цяперашні час 14 ачагоў прыродных пажараў, 7 з якіх яшчэ не лакалізаваны. Агульная плошча ахопленай агнём тэрыторыі - 3,8 тыс.га. Пажарам у рэгіёне знішчана 269 дамоў, 8 чалавек загінулі, 737 засталіся без прытулку. У склад атрада МНС Беларусі ўваходзіць 25 адзінак спецтэхнікі і 150 чалавек асабовага складу. Па стане на 9 жніўня, беларускія ратавальнікі патушылі 28 лясных і 4 тарфяных пажары на агульнай плошчы 25 га. Акрамя Разанскай вобласці, складаная сітуацыя з пажарамі захоўваецца ў Маскоўскай і Ніжагародскай абласцях. Разам з тым становішча ў цэнтральнай частцы краіны стала некалькі лепш, чым яшчэ некалькі дзён таму. Паводле звестак МНС Расіі, практычна поўнасцю патушаны пажары ў Тульскай, Тамбоўскай, Белгародскай, Ліпецкай, Іванаўскай і Ульянаўскай абласцях, а таксама ў Татарстане. Палепшылася сітуацыя ў Мардовіі і Рэспубліцы Марый Эл.-0-

БЕЛТА