22 снежня, Мінск /Ганна Кацікава - БЕЛТА/. Адліга прагназуецца ў Беларусі на наступным тыдні, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметцэнтра Людміла Парашчук. "У Беларусі яшчэ працягваецца перыяд халоднага надвор'я, які адзначаецца больш за дзесяць дзён, але ўжо ў найбліжэйшы час чакаецца пацяпленне. Апошнім халодным днём у зацяжной анамаліі стане панядзелак, пасля чаго рэзка пачне цяплецца", - сказала Людміла Парашчук. Паводле яе слоў, 24 снежня тэмпература яшчэ будзе ніжэй за кліматычную норму, але менавіта гэты дзень стане пераломным: цёплы атмасферны фронт з Заходняй Еўропы перамесціцца на тэрыторыю Беларусі. Менавіта ён прынясе складаныя ўмовы надвор'я: узмоцніцца вецер, пачнуцца снегапады, мяцеліцы, на дарогах утворацца снежныя заносы. Днём па захадзе Брэсцкай і Гродзенскай абласцей пры тэмпературы, блізкай да нулявой адзнакі, чакаецца мокры снег з дажджом, на дарогах - галалёдзіца. Маразы ўжо на працягу дня прыкметна аслабеюць. У аўторак рэзка пацяплее на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у паўднёвых рэгіёнах краіны чакаецца адліга. На большай частцы тэрыторыі прагназуюцца ападкі ў выглядзе снегу, які пераходзіць у дождж, галалёд, на дарогах – галалёдзіца. Месцамі па краіне згусцяцца туманы. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад 3 градусаў марозу да 3 градусаў цяпла, у паўднёва-заходніх раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей чакаецца да плюс 4-5 градусаў. Як распавяла галоўны сіноптык, такое надвор'е захаваецца 26-28 снежня. У гэтыя дні ў многіх раёнах краіны прагназуюцца ападкі, пераважна мокры снег з дажджом. Месцамі магчымы туманы, слабы галалёд, на дарогах - галалёдзіца. Уночы чакаецца ад мінус 4 да плюс 1 градуса. Днём тэмпература паветра будзе вагацца ад 3 градусаў марозу да 3 градусаў цяпла. У сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я сіноптыкі папярэджваюць усіх удзельнікаў дарожнага руху аб павышанай небяспецы на дарогах. Кіроўцам рэкамендуюць устрымацца ад далёкіх паездак, а пешаходаў просяць быць максімальна ўважлівымі. Тым, хто ўсё ж сеў за руль, неабходна прытрымлівацца хуткаснага рэжыму і няўхільна выконваць правілы дарожнага руху.-0-

БЕЛТА