15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адказы на звароты грамадзян не павінны быць фармальнымі адпіскамі. Пра гэта пасля асабістага прыёму грамадзян у Шчучынскім райвыканкаме заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Сакратарыята Савета Рэспублікі. "На жаль, іншы раз людзі атрымліваюць на свае запыты чыста фармальныя адказы. Чалавек ставіць канкрэтнае пытанне, а яму нават з самай высокай інстанцыі часам дасылаюць адпіску. Так быць не павінна", - сказаў спікер верхняй палаты беларускага парламента, падводзячы вынік выязнога прыёму. Старшыня Савета Рэспублікі таксама адзначыў, што сустрэчы ў рэгіёнах дазваляюць вывучыць, чым жыве народ, што яго хвалюе. Ён дадаў, што праблемы, з якімі прыйшлі на прыём шчучынцы, былі ўжо на стадыі вырашэння. "Але, відаць, людзі хочуць мець дадатковую гарантыю", - лічыць Анатоль Рубінаў. У ходзе прыёму грамадзян абмяркоўваліся пытанні водазабеспячэння, аказання садзейнічання ў працаўладкаванні, паляпшэння жыллёвых умоў, выкарыстання імянных прыватызацыйных чэкаў "Маёмасць" і іншыя тэмы. Усім наведвальнікам Анатоль Рубінаў даў неабходныя тлумачэнні і рэкамендацыі. Вырашыць узнятыя на прыёме праблемы ён даручыў кіраўніцтву Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта, а выкананне гэтых даручэнняў узяў пад свой асабісты кантроль. Старшыня Савета Рэспублікі таксама наведаў ААТ "Шчучынскі завод "Аўтаправод", дзе азнаёміўся з вытворчасцю і пагутарыў з работнікамі прадпрыемства.-0-

БЕЛТА