Ахова здароўя насельніцтва з'яўляецца найважнейшай задачай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

         У 2011 годзе праведзена вялікая праца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя і, асабліва па ўмацаванні сельскай аховы здароўя. На мадэрнізацыю, рамонт устаноў аховы здароўя зрасходавана 712,2 млн. рублёў. Праведзены мадэрнізацыя і рамонты даху інфекцыйнага аддзялення, Пышнянскай бальніцы сястрынскага догляду, аддзялення судмедэкспертызы, частка даху дзіцячага аддзялення. Праведзена мадэрнізацыя газазабеспячэння аддзяленняў ЦРБ (падача медыцынскага кіслароду). На рамонт даху Валасовіцкай урачэбнай амбулаторыі зрасходавана 300,0 млн. рублёў. Пераведзены ў іншыя памяшканні з правядзеннем бягучага рамонту Матырынскі, Чэрскі, Губінскі фельчарска-акушэрскія пункты. Праведзены рамонт ацяплення Сушанскага фельчарска-акушэрскага пункта. У новы будынак у в. Ст. Лепель пераведзены Варонскі фельчарска-акушэрскі пункт, для якога закуплена медыцынскае абсталяванне.

          У 2011 годзе на набыццё медыцынскага абсталявання, цвёрдага і мяккага інвентару за кошт мясцовага бюджэту зрасходавана – 324,6 млн. рублёў. Набыты: манітор прыложкавы – 73,0 млн. руб., апарат ультрафіялетавага апрамянення крыві – 6,0 млн. руб., 5 шпрыцавых помпаў на суму 30,0 млн. руб., 2 апараты фітатэрапеўтычныя «Малыш» на суму 31,4 млн. руб. За кошт рэспубліканскага бюджэту набыта медыцынскага абсталявання на суму 471,0 млн. рублёў (комплекс эндаскапічны – 240,6 млн. руб., аналізатар біяхімічны – 64,0 млн. рублёў, 2 кардыёстымулятары – 11,9 млн. руб., комплекс стаматалагічны «Белдэт – 2» - 38,5 млн. руб., устаноўка отарыналагічная – 32,6 млн. руб. і г.д.).  

          На выкананне Дзяржаўнай праграмы па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў, а таксама для паляпшэння правядзення комплексу фізічнай рэабілітацыі дыспансерным пацыентам у студзені 2012 года аддзяленне рэабілітацыі ЦРБ аснашчана трэнажорамі на суму 9 млн. рублёў (трэнажор эліптычны, трэнажор АВ-тонік, лава для прэса, бегавая дарожка), крэсла масажнае – 23,4 млн. рублёў.