20 мая, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. У аздараўленчых лагерах Віцебскай вобласці ў гэтым летнім сезоне адпачнуць 46,6 тыс. школьнікаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік прадстаўніцтва "Віцебскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва" Алена Андрэйкава.
Летам у вобласці будзе дзейнічаць 31 стацыянарны лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей. За лета тут змогуць адпачыць 18 тыс. дзяцей і падлеткаў. Акрамя таго, 28,6 тыс. дзяцей адпачнуць у 800 лагерах з дзённым знаходжаннем, у тым ліку ў 96 лагерах працы і адпачынку, практыка арганізацыі якіх пачалася ў вобласці ў мінулым сезоне. Сумясціць адпачынак з чатырохгадзіннай працай на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці змогуць больш за 1,6 тыс. падлеткаў.
На падрыхтоўку лагераў да аздараўленчага сезона і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы выдзелена Br760 млн са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, Br1,1 млрд - з абласнога бюджэту, Br4 млрд складуць сродкі ўласнікаў дзіцячых лагераў і Br300 млн - раённых бюджэтаў.
Кошт аднаго дня знаходжання дзіцяці ў загарадным лагеры для работнікаў бюджэтнай сферы і сельскагаспадарчых арганізацый складзе Br125-135 тыс., сярэдні кошт пуцёўкі будзе вагацца ад Br2,4 млн да Br2,8 млн. Супрацоўнікам гаспадарлікаў пуцёўка абыдзецца ў Br3-3,6 млн. Датацыя для ўсіх складзе Br1,2 млн. Акрамя таго, з абласнога бюджэту выдзяляецца Br125 млн на аплату пуцёвак для дзяцей-інвалідаў, выхаванцаў шматдзетных сем'яў, а таксама дзяцей непрацуючых інвалідаў і пенсіянераў. Упершыню ў вобласці прадугледжаны сродкі на аплату пуцёвак 20 дзецям, якія пакутуюць цукровым дыябетам. Дзеці будуць адпачываць у лагеры "Усход" Віцебскага завода электравымяральных прыбораў.
Цяпер у аздараўленчых лагерах актыўна вядуцца падрыхтоўчыя работы - выконваецца рамонт, добраўпарадкаванне тэрыторыі, ідзе закупка абсталявання. Сезон аздараўлення школьнікаў стартуе ў першыя дні лета, калі пачнуць масава адкрывацца прышкольныя лагеры. Заезды ў стацыянарныя аб'екты па традыцыі пачнуцца з другой дэкады чэрвеня.-0-