Завяршаецца падрыхтоўка дзіцячых лагераў раёна да аздараўленчага сезона, у якіх за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту плануецца аздаравіць 1300 навучэнцаў.
У летні перыяд у раёне будзе функцыянаваць 20 лагераў дзённага знаходжання і 2 кругласутачных на базе Бароўскай і Матырынскай школ.
Першая змена ў кругласутачных лагерах пачынаецца з 16 чэрвеня, другая - з 8 ліпеня. Шмат робіцца для стварэння камфортных умоў тым, хто будзе знаходзіцца працяглы час па-за домам. Да прыкладу, на набыццё прадметаў забеспячэння і расходных матэрыялаў, а таксама на бягучы рамонт будынкаў і памяшканняў Бароўскай і Матырынскай школ выдзелена 60 млн. руб. з абласнога бюджэту. Усяго ў гэтых лагерах адпачнуць каля 500 навучэнцаў.
У мэтах сацыяльнай падтрымкі работнікаў бюджэтнай сферы і сельскагаспадарчых арганізацый устаноўлена гранічная кошт аднаго койка-дня. Для лагераў з частковымі камунальнымі выгодамі – 47 000 рублёў, для абсталяваных асноўнымі відамі – 50 000 рублёў. Дзяржаўная датацыя на змяншэнне кошту адной пуцёўкі – 605 тыс. рублёў. Такім чынам, пуцёўку на 21 дзень, поўны кошт якой 987 тысяч, можна будзе набыць усяго за 382 тысячы. Даплата распаўсюджваецца на аздараўленчыя лагеры, размешчаныя на тэрыторыі раёна і выдзяляецца не больш аднаго разу на працягу года.
Бясплатныя пуцёўкі атрымаюць: дзеці-сіроты і дзеці, якія знаходзяцца пад апекай, дзеці-інваліды, з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў і г.д. У спісе ільготнікаў больш за дзесяць катэгорый, удакладніць якія можна ў аддзеле адукацыі райвыканкама і ў галоўнага спецыяліста цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Надзеі Шыкшнян.
Для атрымання пуцёўкі неабходна заява аднаго з бацькоў і копія пасведчання аб нараджэнні.
Евгения ЛЯХ