Чаканая працягласць жыцця беларусаў у 2017 годзе перавысіць 74 гады, заявіў журналістам міністр аховы здароўя Валерый Малашка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Чаканая працягласць жыцця беларусаў у 2017 годзе перавысіць 74 гады, заявіў журналістам міністр аховы здароўя Валерый Малашка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адзначаюцца станоўчыя тэндэнцыі ў развіцці дэмаграфічных працэсаў. Па выніках 2017 года чаканая працягласць жыцця насельніцтва Беларусі перавысіць 74 гады. Тэндэнцыі першага квартала дазваляюць пра гэта заяўляць", - сказаў Валерый Малашка.
Ён адзначыў, што поспехі аховы здароўя відавочныя: развіваюцца медыцынскія тэхналогіі, сістэма аховы здароўя насельніцтва. Рэалізуецца дзяржпраграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека", у якую ўключаны падпраграмы па прафілактыцы асноўных сацыяльна-значных захворванняў.
У той жа час, па словах міністра, пэўную занепакоенасць выклікае распаўсюджанасць неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку сардэчна-сасудзістых і анкалагічных. Менавіта апошнія з'яўляюцца асноўнымі прычынамі непрацаздольнасці і смяротнасці насельніцтва. Прычына гэтага відавочная - па-ранейшаму сярод насельніцтва распаўсюджаны фактары рызыкі, звязаныя з паводзінамі: курэнне, нерацыянальнае харчаванне, недастатковая фізічная актыўнасць, ужыванне алкаголю.
"На сённяшні дзень у краіне дзевяць з дзесяці чалавек маюць ад адной да пяці асноўных шкодных у адносінах да свайго здароўя звычак. Напрыклад, кожны другі пакутуе ад праблем са здароўем, звязаных з залішняй масай цела. Высокая ўдзельная вага курцоў - амаль 30%", - сказаў Валерый Малашка. Ён дадаў, што для паляпшэння сітуацыі неабходна ў тым ліку ўдзяляць увагу інфармацыйнаму напаўненню электронных рэсурсаў, якія б матывавалі на здаровы лад жыцця.