Чакаць рэзкага змянення курса беларускага рубля ў 2013 годзе не варта - Нацбанк
26.12.20120 праглядаў
26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чакаць рэзкага змянення курса беларускага рубля ў 2013 годзе не варта. Пра гэта заявіла старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова сёння падчас прамой тэлефоннай лініі і анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.
"Нягледзячы на тое, што Нацыянальны банк не ўстанаўлівае на 2013 год мэтавыя арыенціры па абменным курсе, чакаць яго рэзкага змянення не варта. Асновай для ўстойлівасці валютнага рынку і абменнага курса з'яўляецца ўнутраная і знешняя збалансаванасць эканомікі, на забеспячэнне якой, у сваю чаргу, накіравана работа і ўрада, і Нацыянальнага банка", - адзначыла кіраўнік Нацбанка.
Пры гэтым Надзея Ермакова нагадала, што абменны курс фарміруецца зыходзячы са попыту і прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку. "Таму ўсім трэба прывыкаць да таго, што пэўная зменлівасць курса ў адзін ці іншы бок - нармальны рынкавы працэс", - растлумачыла яна, дадаўшы, што ў 2013 годзе Нацыянальны банк працягне паступова змяншаць сваю прысутнасць на валютным рынку.
Надзея Ермакова канстатавала, што на ўнутраным валютным рынку Беларусі ў цяперашні час адзначаюцца ў цэлым станоўчыя тэндэнцыі. Суб'екты гаспадарання за 11 месяцаў бягучага года прадалі валюты больш, чым купілі, на $1,5 млрд, у тым ліку за два апошнія месяцы - амаль $210 млн. Паводле яе слоў, насельніцтва пакуль з'яўляецца чыстым пакупніком, хоць у апошнія месяцы і назіраецца зніжэнне аб'ёмаў пакупкі на чыстай аснове. Так, у лістападзе попыт насельніцтва на валюту знізіўся больш чым на 20% у параўнанні з кастрычнікам. Значную ролю ў гэтым адыграла жорсткая пазіцыя Нацыянальнага банка па пытаннях рэфінансавання банкаў, што дазволіла павысіць даходнасць па дэпазітах у нацыянальнай валюце і паменшыць прывабнасць зберажэнняў у валюце, растлумачыла кіраўнік Нацбанка.
Тэрміновыя ўклады (дэпазіты) ва ўсіх валютах з пачатку года павялічыліся на Br21,83 трлн, або на 51,61%, і на 15 снежня 2012 года дасягнулі Br64,14 трлн. У тым ліку ўклады ў беларускіх рублях выраслі на Br5,42 трлн, або на 57,89%, і на 15 снежня 2012 года склалі Br14,78 трлн. Тэрміновыя ўклады (дэпазіты) насельніцтва ў замежных валютах у даляравым эквіваленце з пачатку года павялічыліся на $1,8 млрд, або на 45,64%, і на 15 снежня 2012 года дасягнулі $5,75 млрд.
"Што тычыцца прагнозаў на будучыню, то ў 2013 годзе развіццё нацыянальнага рынку крэдытаў і ўкладаў будуць вызначаць узровень інфляцыі, стаўкі рэфінансавання і, адпаведна, працэнтных ставак па дэпазітах і крэдытах", - адзначыла Надзея Ермакова.
Кіраўнік Нацбанка таксама паведаміла, што на рынку міжбанкаўскіх крэдытаў, дзе апошнім часам назіраюцца значныя ваганні ставак па крэдытах у нацыянальнай валюце, рэгулятар працягне праводзіць палітыку, накіраваную на згладжванне гэтых ваганняў у напрамку стаўкі рэфінансавання.-0-
БЕЛТА