Нагодаў звярнуць увагу на Стайскую дзіцячую школу мастацтваў і традыцыйнай культуры з кожным годам становіцца ўсё больш і больш. Да прыкладу, сёлета – у 2013-ым – калектыў «Сунічкі» стаў заслужаным. З дзіцячых сельскіх калектываў такое званне ён атрымаў другім у рэспубліцы. Як гэта ўдалося і чым сёння жывуць «Сунічкі», зараз і даведаемся…

Азіраючыся ў мінулае

 Як толькі заканчваюцца ўрокі, стайскія школьнікі дадому не спяшаюцца: у іх іншы маршрут – школа мастацтваў і традыцыйнай культуры. Гэтыя заняткі наведваюць усе вучні сярэдняй школы, прыязджаюць сюды нават пышненскія дзеці. Школьны клас звычайна адпавядае групе.

 Першым у раскладзе стаіць харэаграфія. Класічнаму, народнаму і фальклорнаму танцу вучаць кіраўнік калектыву Вераніка Хомбак і педагог Алеся Кажэская. Ад танцавальнай азбукі – пастаноўкі рук і ног – да складаных элементаў іспанскага і нямецкага танца асвойваюць вучні. І калі ў далёкім 1996 годзе, калі толькі з'явіўся калектыў, яго накірунак быў выключна харэаграфічным, то цяпер ёсць аддзяленне народнай творчасці з вакальным ухілам. Цымбалы, баян, акардэон, фартэпіяна, домра, скрыпка – на музычным аддзяленні перавагу можна аддаць любому інструменту. Ахвотныя яшчэ запісваюцца і на прадмет па выбары – вусная народная творчасць, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і музычны фальклорны інструмент.

 Беларускім традыцыям у Стаях вучаць з дзяцінства: самым маленькім са 117 выхаванцаў па тры гады. Карагоды, пацешкі, прыпеўкі яны разучваюць з цікавасцю, на канцэртах танцуюць у парах са старэйшымі вучнямі.

 80 мільёнаў нядаўна пайшло на абнаўленне касцюмаў: 12 купілі для пятага класа і 24 – для самых маленькіх дзяцей. У кожнага з удзельнікаў – свой касцюм Лепельскага строю, зроблены ўручную. У адрозненне, да прыкладу, ад эстрадных выканаўцаў, мяняць убранне кожны нумар артыстам фальклорнага жанру не даводзіцца: розняцца толькі яго асобныя элементы. Галоўнае патрабаванне – касцюм павінен адпавядаць рэгіёну. Дарэчы, у гэтай школе вывучэннем мясцовага фальклору не абмяжоўваюцца: выкладчыкі знаёмяць дзяцей і з асаблівасцямі народных традыцый іншых мясцін.