18 лістапада, Наваполацк /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Падзення тыражоў газет пры наяўнасці іх інтэрнэт-версій не адбываецца, канстатаваў міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі. Ён праводзіў сёння прыём грамадзян у грамадскай прыёмнай Наваполацкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "Белая Русь", перадае карэспандэнт БЕЛТА. На працягу няпростых для эканомікі 2009-2010 гадоў падпіска на рэспубліканскія і раённыя выданні не знізілася. Больш таго, каля дзвюх трацін раённых СМІ з'яўляюцца самаакупнымі. Па патрабаванні Мінінфарма ўсе раённыя газеты ў бягучым годзе атрымалі ўласныя сайты, якія разам з раней створанымі інтэрнэт-версіямі рэспубліканскіх газет аб'яднаны ў інтэрнэт-партал беларускіх СМІ. Задача бліжэйшага часу - зрабіць сайты папулярнымі і нават прыбытковымі, заявіў Алег Праляскоўскі. Пры гэтым ён перакананы, што тыражы газет ад гэтага не пацерпяць. На сайце павінна размяшчацца не поўная версія газеты, а аператыўная інфармацыя, якая будзе ўстанаўліваць сувязь чытачоў з рэдакцыяй. "Сайты, асабліва для не штодзённых газет, - гэта штодзённыя зносіны з чытачамі", - лічыць міністр. Тут таксама будзе стварацца архіў нумароў. Акрамя таго, Мінінфарм мае намер ініцыяваць размяшчэнне на сайтах газет абавязковых да публікацыі афіцыйных дакументаў замест іх друку ў саміх перыядычных выданнях. Як лічыць Алег Праляскоўскі, для такіх дакументаў у газетах дастаткова даць анонс, і пры неабходнасці чытач зможа зайсці на сайт газеты і там азнаёміцца з поўнай версіяй дакумента і нават спампаваць яго. На сустрэчы таксама ўзнікла пытанне аб неабходнасці ўвядзення ў штат рэдакцый газет тэхнічнай пасады адміністратара сайта. Пакуль такіх штатных адзінак не прадугледжана.-0-

БЕЛТА