Пакістан зацікаўлены ў імпарце беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і стварэнні сумеснай тэкстыльнай вытворчасці
2.8.20120 праглядаў
2 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пакістан зацікаўлены ў імпарце беларускай сельгастэхнікі і стварэнні сумеснай тэкстыльнай вытворчасці. Аб гэтым сёння на сустрэчы з кіраўнікамі знешнетарговых падраздзяленняў прадпрыемстваў Віцебска ў Віцебскім аддзяленні Беларускай таргова-прамысловай палаты паведаміў міністр па пытаннях гандлю, кіраўнік гандлёвага прадстаўніцтва пасольства Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь Махамад Ільяс Горы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пакістан з'яўляецца сельскагаспадарчай краінай, тут вялікая патрэбнасць у сучаснай сельскагаспадарчай тэхніцы, а Беларусь зарэкамендавала сябе як вытворца якаснай тэхнікі для аграрыяў. Гэтым тлумачыцца зацікаўленасць Пакістана ў беларускіх сельгасмашынах, і ў першую чаргу ў трактарах і запасных частках да іх, растлумачыў міністр. У цяперашні час у Ісламскай Рэспубліцы вядзецца праца па стварэнні сумеснага прадпрыемства з Мінскім трактарным заводам. Аднак Махамад Ільяс Горы выказаў упэўненасць у тым, што прадукцыя Віцебскага завода трактарных запасных частак знойдзе свайго спажыўца.
Як расказаў на сустрэчы намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях віцебскага завода Алег Салаўёў, у цяперашні час прадпрыемства, якое з'яўляецца філіялам Мінскага трактарнага завода, каля 35% сваёй прадукцыі рэалізуе ў свабодным продажы, у тым ліку і на экспарт. Сярод партнёраў завода ёсць і пакістанскія пакупнікі. За 6 месяцаў бягучага года Віцебскі завод трактарных запчастак экспартаваў у Пакістан прадукцыі на $100 тыс. "Гэтая сума была б значна вышэй, калі б пакістанскія партнёры напрамую працавалі з беларускім прадпрыемствам, а не праз пасрэднікаў у Расійскай Федэрацыі", - лічыць Алег Салаўёў.
"Я бачу вялікі патэнцыял адносін паміж гэтым прадпрыемствам і пакістанскімі партнёрамі", - сказаў Махамад Ільяс Горы і запрасіў кіраўніцтва віцебскага завода прыняць удзел у выставе ў Пакістане, дзе будзе арганізавана сустрэча з патэнцыяльнымі пакупнікамі запчастак.
Міністр таксама перадаў зацікаўленасць пакістанскіх вытворцаў тэкстылю ў стварэнні на тэрыторыі Віцебскай вобласці сумеснай вытворчасці. "Экспарт тэкстылю з Пакістана складае ў сярэднім $12 млрд. Аднак у апошні час ён скараціўся ў краіны Еўропы. Беларусь - гэта дзверы ў Еўропу, праз якія можна пастаўляць пакістанскі тэкстыль", - падкрэсліў міністр. Інвестараў у першую чаргу цікавіць магчымасць набыцця зямельных участкаў і наяўнасць кваліфікаванай рабочай сілы, дадаў ён.
Віцебскае аддзяленне БелГПП сумесна з Віцебскім аблвыканкамам падрыхтуе для разгляду патэнцыяльным інвестарам прапановы па стварэнні сумеснай тэкстыльнай вытворчасці, а таксама накіруе шэраг прапаноў па нарошчванні знешнегандлёвага абароту.
БЕЛТА