14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Плануецца, што Палата прадстаўнікоў прыме на восеньскай сесіі ў першым чытанні праект закона "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі Алег Вялічка. Як растлумачыў дэпутат, гэты дакумент прапануе павысіць памеры дапамогі па доглядзе за дзецьмі да трох гадоў. Яна будзе прывязана не да бюджэту пражытачнага мінімуму, а да сярэднямесячнай зарплаты па краіне. На першае дзіця прапануецца штомесячная дапамога да трох гадоў у памеры 35% ад сярэдняй зарплаты, на другое і наступныя - па 40%, а на дзіця-інваліда - 45%. Акрамя таго, праект закона пашырае круг тых, хто мае права на гэтыя дзярждапамогі. Сёння гэта сем'і беларускіх і замежных грамадзян, а таксама асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі. У дакуменце ж прапануецца далучыць да іх грамадзян Беларусі, іншых краін і апатрыдаў, якія часова пражываюць у Беларусі, а таксама замежных грамадзян і апатрыдаў са статусам бежанца. Пры гэтым часова пражываючыя павінны будуць плаціць абавязковыя унёскі сацыяльнага страхавання. У дакуменце ёсць і некаторыя іншыя прапановы. Дэпутаты працягваюць працаваць над гэтым законапраектам.-0-

БЕЛТА