Палата прадстаўнікоў плануе ратыфікаваць 15 лістапада некалькі міжнародных дакументаў
14.11.20120 праглядаў
14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі разгледзіць 15 лістапада законапраекты аб ратыфікацыі некалькіх міжнародных дакументаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Віталь Бусько.
Адзін з дакументаў – гэта пратакол па зменах і дапаўненнях у пагадненне аб вызначэнні мытнага кошту тавараў, якія перамяшчаюцца праз мытную мяжу ТС. Ён быў падпісаны ў красавіку 2012 года. Дэпутат адзначыў, што ў пратаколе ўтрымліваюцца два ключавыя моманты. Па-першае, дакумент надзяляе ЕЭК паўнамоцтвамі даваць тлумачэнні па пытаннях прымянення метадаў вызначэння мытнага кошту тавараў. Пры гэтым прадугледжваецца прывязка да адпаведных прынцыпаў і палажэнняў генеральнага пагаднення па тарыфах і гандлі 1994 года. Таксама пратакол прыводзіць згаданае пагадненне аб вызначэнні мытнага кошту тавараў у адпаведнасць з патрабаваннямі САГ.
Таксама плануецца разгледзець ратыфікацыю пратакола аб унясенні змяненняў у пагадненне аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы Мытнага саюза сырой нафты і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты. Пратакол падпісаны бакамі ў сакавіку 2012 года і датычыцца Беларусі і Расіі. "Пратакол не змяняе ні цэны, ні памеры пошліны, ні парадак іх выплаты. Проста ён пашырае пералік інфармацыі, якую мы прадастаўляем Расіі", - падкрэсліў дэпутат і растлумачыў, што гаворка ідзе пра даныя па руху грашовых сродкаў ад пошлін на нафту і нафтапрадукты, якія пералічваюцца з Беларусі ў бюджэт Расійскай Федэрацыі. Згодна з дакументам, беларускае мытнае ведамства атрымлівае адпаведную інфармацыю ў Мінфіне, а потым перадае яе ў цэнтральны мытны орган Расіі. Пратакол падпісаны 15 сакавіка 2012 года і з таго часу часова прымяняецца. Як адзначыў Віталь Бусько, ніякіх праблем пры яго выкананні мытнікі не адчулі.
Акрамя таго, 15 лістапада плануецца прыняць у першым чытанні папраўкі ў КоАП і ПІКоАП і папраўкі, якія тычацца народных промыслаў, а ў другім чытанні - папраўкі па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур у галіне прыродакарыстання. Чакаецца і ратыфікацыя міжурадавага беларуска-эквадорскага пагаднення аб бязвізавых паездках па дыпламатычных, афіцыйных і службовых пашпартах, а таксама пагаднення паміж Беларуссю і ААН аб мерах па паскарэнні ўвозу, вывазу і транзіту грузаў надзвычайнай дапамогі і маёмасці персаналу па аказанні такой дапамогі ў выпадку бедстваў і надзвычайных сітуацый.-0-
БЕЛТА