26 чэрвеня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёння прыняла ў другім чытанні законапраект аб інвестыцыях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўляючы законапраект, старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Уладзімір Краўцоў адзначыў, што законапраект быў дапрацаваны ў частцы тэрміналогіі, удакладнены паняцці "інвестыцыі" і "інвестар".
Так, у праекце закона прадугледжваецца, што да інвестыцый адносіцца толькі маёмасць і іншыя аб'екты грамадзянскіх правоў, якія выкарыстоўваюцца інвестарам для мэт, не звязаных з асабістым, сямейным, хатнім і іншым падобным выкарыстаннем.
Суб'ектны склад паняцця "інвестар" прыведзены ў адпаведнасць з грамадзянскім заканадаўствам Беларусі. Удакладнена сфера дзеяння закона. Пры гэтым замацоўваецца, што яго дзеянне распаўсюджваецца на адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем інвестыцый на тэрыторыі Беларусі, за выключэннем укладання маёмасці ў некамерцыйныя арганізацыі, у дачыненні да маёмасці якіх іх заснавальнікі не маюць права ўласнасці або іншых вешчных правоў, набыцця каштоўных папер, акрамя акцый, набыцця або будаўніцтва грамадзянамі Беларусі, замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства жылых дамоў, жылых памяшканняў для пражывання гэтых грамадзян, асоб без грамадзянства і членаў іх сем'яў, прадастаўлення пазык, крэдытаў і іх вяртання, размяшчэння банкаўскіх укладаў.
Законапраект дапоўнены главой, якая вызначае дзяржаўнае рэгуляванне, замацоўваючы кампетэнцыю Прэзідэнта, Савета Міністраў, іншых дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый у сферы інвестыцый.
Для рэалізацыі норм дэкрэта №10 аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Беларусі ў законапраект уключаны палажэнні, якія прадугледжваюць, што ў мэтах стварэння дадатковых умоў для ажыццяўлення інвестыцый інвестары маюць права на заключэнне інвестыцыйнага дагавора з Рэспублікай Беларусь, пры гэтым вызначаюцца істотныя ўмовы інвестдагавораў і паўнамоцтвы дзяржорганаў у гэтай галіне.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)