Па традыцыі ў рамках падрыхтоўкі да Дня горада праведзены конкурс на самы прыгожы і добраўпарадкаваны дом. Сёлета ён арганізоўваўся ў дзвюх катэгорыях — лепшы жылы дом маладой сям’і (да 31 года) і лепшая прыдамавая тэрыторыя (без уліку ўзросту ўладальнікаў).

Па традыцыі ў рамках падрыхтоўкі да Дня горада праведзены конкурс на самы прыгожы і добраўпарадкаваны дом. Сёлета ён арганізоўваўся ў дзвюх катэгорыях — лепшы жылы дом маладой сям’і (да 31 года) і лепшая прыдамавая тэрыторыя (без уліку ўзросту ўладальнікаў). Можна толькі ўявіць, наколькі складаная задача стаяла перад арганізатарамі конкурсу і найперш — перад журы. Праязджаючы па вуліцах, міжволі чапляешся вачыма за тую ці іншую сядзібу. У першую чаргу асабіста я звяртаю ўвагу на традыцыйныя і новыя матэрыялы і тэхналогіі, прымененыя пры будаўніцтве. А вось жанчын больш вабяць кветкі, дэкаратыўныя кусты, газоны і іншыя элементы аздаблення. Яны часцей у захапленні ад маляўнічых карцін на сценах дамоў і гаспадарчых пабудоў.

Робячы выбар, камісія аб’ехала ўсе вуліцы ва ўсіх кварталах. Здаецца, вось знайшлі дом, які можна адзначыць, але агледзеліся — наступны яшчэ прыгажэйшы! І праца пачынаецца з пачатку.

У катэгорыі дома маладой сям’і пальму першынства аддалі дому №1 па вуліцы 3-я Зарэчная. Там жывуць Марына Вершалоўская з мужам Сяргеем і дачушкай Лізай.

У 2011 годзе Сяргей і Марына пажаніліся, тады ж узялі і свой участак. Прыступілі да будаўніцтва, залілі падмурак, пасля гэтага ім выдзелілі льготны крэдыт на будаўніцтва.

З бацькам Сяргеем Пятровічам робяць амаль усё сваімі рукамі. Муж, па словах жонкі, выдатны будаўнік. Акрамя гэтага зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, аказвае паслугі па будаўніцтве і рамонце жылых дамоў, падсобных памяшканняў, правядзенні ўнутраных аддзелачных работ. Такому мужу, як кажуць, і карты ў рукі.

Сваімі моцнымі і ўмелымі гаспадарскімі рукамі ён так энергічна ўзяўся за справу, што ўжо праз два гады, у 2013-м, сям’я засялі­лася ў новы дом. Зараз на ўчастку стаіць прыгожы, патынкаваны, пафарбаваны ў аранжавы колер дом з вокнамі-шклопакетамі. Побач — гаспадарчыя пабудовы. А невялікая гульнявая пляцоўка для Лізы і ўвогуле, на думку аўтара, уяўляецца своеасаблівым шэдэўрам. Узяць хаця б пясочні­цу, якая ў адкрытым стане мае яшчэ дзве драўляныя лавачкі, а ў закрытым абараняе пясок ад дажджу і слоты.