27 снежня, Віцебск /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Помнік князю краўскаму і віцебскаму, вялікаму князю літоўскаму і рускаму Альгерду Гедзімінавічу будзе ўстаноўлены ў Віцебску, паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праект помніка - коннай скульптуры прайшоў усе прадугледжаныя законам працэдуры ўзгаднення. У цяперашні час ідзе працэс узгаднення яго кошту. Хоць помнік дапамогуць узводзіць спонсары, але гарвыканкам мае намер эканомна выкарыстоўваць іх сродкі, таму разглядае розныя варыянты вырабу скульптуры. Як спадзяецца мэр, да Дня горада, у чэрвені 2013 года, монумент будзе ўзведзены. Альгерд - першы віцебскі князь, пра якога ёсць дакладныя, не легендарныя звесткі, як, напрыклад, пра княгіню Вольгу, якая нібыта заснавала Віцебск. Ён паспяхова ваяваў супраць крыжакоў, а з пачатку 1350-х гадоў вёў барацьбу супраць Залатой Арды. У 1362 годзе перамог татар у бітве на рацэ Сінія Воды, у выніку чаго ад прыгнёту былі вызвалены Кіеўская зямля з Кіевам, а таксама Валынь і Падолле. Скульптурны вобраз Альгерда цяпер захаваны толькі ў адным помніку - монуменце, прысвечаным тысячагоддзю Русі, які ўстаноўлены ў Вялікім Ноўгарадзе. Віктар Нікалайкін таксама адзначыў, што ніякія іншыя праекты помнікаў гістарычным асобам у горадзе ў бліжэйшы час разглядацца не будуць.-0-

БЕЛТА