Мемарыяльны знак "Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці" адкрыюць у сталіцы Дня беларускага пісьменства 2 верасня, паведамілі БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

Мемарыяльны знак "Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці" адкрыюць у сталіцы Дня беларускага пісьменства 2 верасня, паведамілі БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

Урачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі стане адным з ключавых момантаў суботняй праграмы свята. Мемарыяльны знак у Полацку ўжо ўстаноўлены на беразе Заходняй Дзвіны каля Сафійскага сабора.

Як распавёў карэспандэнту БЕЛТА скульптар мемарыяльнага знака Уладзімір Піпін, кампазіцыя складаецца з дзвюх частак - бронзавай і гранітнай. Агульная вага даволі значная. "Бронзавая частка важыць амаль 2 тоны, а велізарны валун, пакладзены ў аснову, - амаль 5 з паловай тон", - удакладніў скульптар.

У бронзе адліты шчыты з партрэтамі выдатных гістарычных асоб, якія стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Сярод іх князь Рагвалод і яго дачка Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая. "Усяго тут выявы шасці чалавек, вядома, гэта далёка не поўны пералік. Спіс можна было б працягваць, але астатнія асобы нібы прыкрыты шчытамі. Зразумела, што іх шмат і яны маюцца на ўвазе ў гэтым напластаванні", - растлумачыў Уладзімір Піпін.

На адваротным баку - важныя гістарычныя даты і культурныя каштоўнасці, такія як Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, Крыж Ефрасінні Полацкай і інш. "Па задумцы архітэктара Армена Сардарава кампазіцыя ўстаноўлена на самым краі берага, у тым месцы, дзе з Дзвіной зліваецца Полата", - адзначыў скульптар.

Паводле яго слоў, кожны вобраз, адлюстраваны на мемарыяльным знаку, патрабаваў дэталёвага вывучэння. "Праца доўжылася паўгода. Думаю, што выйшла нядрэнна. Я ў асноўным задаволены тым, што атрымалася", - прызнаўся Уладзімір Піпін.

Мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства пройдуць у Полацку з 1 па 3 верасня.