20 верасня, Мінск /Алена Мельнікава - БЕЛТА/. Тата-школы (групы для пачаткоўцаў бацькоў) плануецца адкрыць ва ўсіх абласцях Беларусі, паведаміла галоўны спецыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Комлік на адкрыцці Рэспубліканскага семінара-трэнінгу па мадэрацыі тата-груп, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект тата-груп "Асветленае бацькоўства" рэалізуецца па Дзяржаўнай праграме дэмаграфічнай бяспекі і Плане забеспячэння гендарнай роўнасці. "Для Беларусі ўсё яшчэ актуальны стэрэатып: жанчыны - захоўвальніцы хатняга ачага, мужчыны - толькі здабытчыкі", - адзначыла Алена Комлік. Тата-школы закліканы дапамагчы мужчынам рэалізаваць сябе ў сямейным жыцці і развіць лепшыя бацькоўскія якасці - клапатлівасць, цярплівасць і адказнасць. Згодна з даследаваннямі нарвежскіх спецыялістаў, праведзенымі ў Швецыі, дзе зарадзіліся тата-групы, у сем'ях "выпускнікоў" тата-школ дзеці і жонкі хварэюць радзей, а самі таты жывуць даўжэй.
Сёння ў Беларусі працуе шэсць тата-школ: пяць у Мінску і адна ў Гомелі. Рэспубліканскі семінар, які праходзіць на базе Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей з 20 па 21 верасня, падрыхтуе мадэратараў для адкрыцця новых тата-школ у розных гарадах Беларусі. Удзел у ім прымаюць людзі розных прафесій з Мінскай, Гомельскай, Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей. З дапамогай канферэнц-сувязі яны ўжо пагутарылі з аднадумцамі з Расіі і Швецыі.-0-
БЕЛТА
Тата-школы плануецца адкрыць ва ўсіх абласцях Беларусі
20.9.20120 праглядаў