14 студзеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Парк інфармацыйных і інавацыйных тэхналогій можа з'явіцца ў Віцебску пры падтрымцы кітайскіх інвестараў. Папярэднія дамоўленасці аб гэтым дасягнуты падчас візіту дэлегацыі Віцебска ў Харбін (Кітайская Народная Рэспубліка) падчас падпісання дагавора аб партнёрстве, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага гарвыканкама. Дзелавая частка праграмы візіту віцебскай дэлегацыі была прысвечана сустрэчам з прадстаўнікамі бізнесу ў Харбінскай зоне эканамічнага развіцця і прадпрыемствамі - членамі кітайскай асацыяцыі гандлёвых і прамысловых прадпрыемстваў. Віцебскі гарвыканкам і Харбінская зона развіцця падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, якое вызначае рамачныя ўмовы партнёрства, у тым ліку інфармацыйны абмен, правядзенне сумеснх бізнес-сустрэч і дзелавых паездак, выставак-кірмашоў навукаёмістых прадуктаў. Акрамя таго, кітайскія партнёры прынялі прапанову віцебскай адміністрацыі паўдзельнічаць у стварэнні парка інфармацыйных і інавацыйных тэхналогій. Віцебскі гарвыканкам падтрымлівае ўзаемавыгадную сумесную дзейнасць па далейшым развіцці эканамічнага супрацоўніцтва праз наладжванне кантактаў паміж прадпрыемствамі і фірмамі гарадоў-партнёраў: Смаленскам, Псковам, Самарай, Геленджыкам, Ступіна (Маскоўская вобласць), Франкфуртам-на-Одэры і Нінбургам (Германія), Даўгаўпілсам і Рэзекне (Латвія), Бэлцам (Малдова), Рышон-ле-Цыёнам (Ізраіль), Харбінам (Кітай).-0-

БЕЛТА