21 жніўня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Парк школьных аўтобусаў Віцебскай вобласці ў новым навучальным годзе папоўніцца 30 адзінкамі тэхнікі. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.

Для арганізацыі падвозу дзяцей да месцаў вучобы за кошт бюджэтных сродкаў (Br5,6 млрд.) будзе закуплена 20 аўтобусаў, з улікам якіх парк школьных аўтобусаў вобласці складзе 194 адзінкі. Набыццё яшчэ 10 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода плануе прафінансаваць Банк развіцця Беларусі. Як распавёў Іван Шчурок, у новым навучальным годзе неабходна будзе падвозіць да месцаў вучобы і выхавання 10 тыс. 613 чалавек. З іх 7 тыс. 752 чалавекі (73%) будуць дастаўляцца ва ўстановы адукацыі школьнымі аўтобусамі, 2 тыс. 662 (25%) будуць дабірацца рэйсавымі аўтобусамі і 166 чалавек (1,6%) у школы і садкі будзе падвозіць транспарт сельскагаспадарчых арганізацый.

Начальнік упраўлення адукацыі адзначыў, што ў сувязі са змяншэннем колькасці школьнікаў (у 2010 годзе навучалася 119 тыс., 2011-м - 113 тыс., 2012-м - 109 тыс.) раённымі выканаўчымі камітэтамі прынята рашэнне аб закрыцці 30 і рэарганізацыі 44 школ. "Аптымізацыя школьнай сеткі рэгіёна праводзілася з улікам усіх "за" і "супраць". Лёс кожнай школы разглядаўся асобна. Менавіта таму ў новым навучальным годзе ў вобласці працягнуць працу 144 установы агульнай сярэдняй адукацыі з колькасцю навучэнцаў менш за 50 чалавек", - сказаў Іван Шчурок.

Ён таксама падкрэсліў, што ў вобласці вядзецца будаўніцтва новых устаноў - у вёсцы Літусава Сенненскага раёна ўзводзіцца базавая школа, а ў Наваполацку неўзабаве з'явіцца базавая школа-яслі-сад.

У новым навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай вобласці будуць навучацца 108 тыс. 211 навучэнцаў. За парты сядуць 11 тыс. 293 першакласнікі (на 558 чалавек больш, чым у мінулым годзе). У 10-я класы будзе прынята каля 7 тыс. У новым навучальным годзе ў рэгіёне будуць працаваць 500 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. -0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)