23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламент Беларусі атрымаў статус назіральніка ў МПА АСЕАН. Такое рашэнне прынята на 32-й Генасамблеі МПА АСЕАН, якая прайшла ў сталіцы Каралеўства Камбоджа горадзе Пнампені, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі была запрошана на пасяджэнні МПА ў якасці госця старшынёй МПА АСЕАН, спікерам парламента Камбоджы Хенгам Самрынам. Раней заяўку беларускага боку аб прадастаўленні парламенту Беларусі статусу назіральніка ўхвалілі Выканаўчы камітэт і Камітэт па арганізацыйных пытаннях МПА АСЕАН. На Генасамблеі МПА АСЕАН беларускі парламент прадстаўляў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Віталь Бусько. АСЕАН з прыкладна 600 млн. насельніцтва, сукупным ВУП у $1,9 трлн., стабільным эканамічным ростам уяўляе адну з уплывовых рэгіянальных арганізацый свету. У межах гэтай арганізацыі працуюць каля 20 спецыялізаваных арганізацый і камітэтаў рознай накіраванасці, штогод праводзіцца больш за 300 мерапрыемстваў. Асноўнымі мэтамі МПА АСЕАН з'яўляюцца ўсталяванне больш цеснага міжпарламенцкага супрацоўніцтва паміж парламентамі дзяржаў - членаў АСЕАН, развіццё кантактаў і ўзаемаразумення паміж іх членамі, а таксама іншымі нацыянальнымі, рэгіянальнымі і міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі. Членамі МПА АСЕАН, створанай у 1977 годзе ў Маніле, з'яўляюцца наступныя дзяржавы Паўднёва-Усходняй Азіі: Бруней, В'етнам, Інданезія, Камбоджа, Лаос, Малайзія, М'янма, Сінгапур, Тайланд і Філіпіны. Парламенты Аўстраліі, Індыі, Канады, Кітая, Новай Зеландыі, Папуа-Новай Гвінеі, Карэі, Расіі, ЗША, Японіі і Еўрапейскі парламент маюць статус назіральнікаў.-0-

БЕЛТА