28 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Парламент Расіі завяршыў ратыфікацыю міжурадавага беларуска-расійскага пагаднення аб ажыццяўленні транспартнага кантролю на знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сёння дакумент быў адобраны верхняй палатай парламента - Саветам Федэрацыі, а 16 сакавіка ратыфікаваны Дзярждумай. Дадзенае пагадненне было падпісана ў Мінску 5 кастрычніка 2010 года. Як адзначыў, прадстаўляючы дакумент, першы намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Уладзімір Джабараў, беларускім бокам пагадненне было ратыфікавана ў чэрвені мінулага года. Мэтай пагаднення з'яўляецца спрашчэнне перамяшчэння тавараў і транспартных сродкаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, а таксама каардынацыя органаў транспартнага (аўтамабільнага) кантролю дзвюх краін пры ажыццяўленні міжнародных аўтамабільных перавозак як па тэрыторыі Расіі, так і па тэрыторыі Беларусі. Рэалізацыя дакумента дазволіць стварыць умовы для пераносу транспартнага кантролю з расійска-беларускай мяжы на знешнюю мяжу Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, ствараецца прававая аснова для арганізацыі інфармацыйнага абмену паміж органамі транспартнага (аўтамабільнага) кантролю Беларусі і Расіі. Пагадненне таксама ўводзіць паняцці "знешняя мяжа Саюзнай дзяржавы", "унутраная мяжа", "вагавыя і габарытныя параметры транспартнага сродку". Прадугледжваецца, што транспартныя сродкі, якія следуюць у дзяржаву аднаго боку праз тэрыторыю дзяржавы другога боку, падлягаюць транспартнаму (аўтамабільнаму) кантролю ў кантрольных пунктах, размешчаных на знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы, у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы боку, праз тэрыторыю якога следуюць названыя транспартныя сродкі.-0-

БЕЛТА